Сувальская спецыяльная эканамічная зона пашыраецца



Ужо неўзабаве ў Гайнаўцы і Семяноўцы, Заблудаве і Бельску Падляшскім узнікнуць аддзяленні Сувальскай спецыяльнай эканамічнай зоны. Гэта адмыслова падрыхтаваныя тэрыторыі для інвестараў у паўночна-ўсходняй Польшчы. Прадпрымальнікі, якія дзейнічаюць у зоне могуць лічыць на падатковыя ільготы нават у 70%.

Дазвол на пашырэнне зоны яшчэ ў снежні падпісаў маршалак ваяводства Мечыслаў Башко. Цяпер заяўкі паасобных гмінаў разглядае Міністэрства гаспадаркі Польшчы.

Старшыня ССЭЗ Роберт Жылінскі спадзяецца, што першыя зоны на памежных тэрыторыях адкрыюцца ў другой палове года:

– Гайнаўка новая падзона, недалёка Нараўка – гэта паўднёвая частка даволі моцна, яшчэ Бельск Падляшскі і Сямятычы. Дагэтуль дадзены абшар ніжэй Беластока на поўдні быў неразвіты ў гэтым плане. Думаю, што гэта ўзмоцніць наш гаспадарчы патэнцыял.

У Сувальскай эканамічнай зоне свае прадпрыемствы адкрыло ўжо 70 фірмаў, у якіх працуе амаль шэсць тысяч чалавек. Да гэтага часу аддзяленні свабоднай зоны ўзніклі ў Сувалках, Беластоку, Граеве, Голдапе, Элку і Малкіні.

Беларускае Радыё Рацыя