«Свабодныя купалаўцы»: першы выхад да гледача пасля доўгага перапынку
Для тэатральнай групы «Свабодныя купалаўцы» выступленне ў Беластоку – першае, класічна тэатральнае, на сцэне перад гледачом. Першы выхад пасля перапынку ў паўтара года. Пасля таго, як артысты ў знак пратэсту пасля выбараў і гвалту сілавікоў, які пазней пачаўся ў Беларусі, пакінулі сцэны нацыянальнага тэатру, яны не выступалі ўжывую. Ладзілі выключна анлайн-сустрэчы з гледачамі. Сёння яны выступаюць са спектаклем «Я» у рамках фестывалю «Напрамак Усход» на сцэне беластоцкага Кіно ТОН. Хвалюемся і гэта нармальна, кажа акторка Крысціна Дробыш:
– Я ўпершыню выходжу на сцэну за паўтара года вось так, каб гэта быў жывы глядач. Нават на рэпетыцыі стаяла і разумела, што больш за год я не выходзіла на сцэну. Я ўжо не ведаю, як гэта пройдзе. Шчыра кажучы, гэта вельмі хвалююча. Гэта не проста фестываль, калі ты працуеш у тэатры, ты раз на год ці на два выязджаеш на гастролі. Гэта нешта іншае. Гэта іншы крок. Лягла на сцэну, думаю: Божачкі! Я ляжу на сцэне. Я стаю на сцэне. Гэта штосьці дзіўнае. Для мяне гэта хутчэй выпрабаванне будзе, ці здольная я яшчэ.
Беласток фактычна ўпісваецца ў гісторыю тэатральнай групы «Свабодныя купалаўцы», як горад, які падарыў сустрэчу з гледачом на сцэне, дадаюць акторы Валянціна Гарцуева і Павел Аставух, якія таксама занятыя ў спектаклі «Я»:
– Гэта першыя нашыя гастролі на сцэне. Нармальныя, сапраўдныя.
– Жывыя душы сядзяць. Яны будуць глядзець. Гэта ж такая адказнасць! І гэта радасць для мяне, што я сваіх любімых людзей пабачу. Што мы будзем побач. І я думаю, што ў нас усё будзе добра. Таму што мы сябры і мы адчуваем адзін аднаго.
„Свабодных купалаўцаў” сёння а 19.00, паводле мясцовага часу, сустракаем на сцэне беластоцкага Кіно Тон, дзе праходзіць тэатральны фестываль «Напрамак Усход».
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя