Завяршыліся святкаванні на Святой Гары Грабарцы на Падляшшы (абноўлена)
Святочную багаслужбу ў дзень Праабражэння Гасподняга ачоліў Мітрапаліт Варшаўскі і ўсея Польшчы Сава.
Сотні вернікаў прыступілі да таінства споведзі і прычашчэння. У час хроснага хода Мітрапаліт Сава асвяціў крыж ў памяць пра бежанцаў 1915 году.
– Лепшага месца нават і не знойдзем, каб ушанаваць памяць нашых продкаў, якія падаліся ў бежанства, – сцвярджае ініцыятар з’яўлення такога крыжа Яўген Чыквін:
19-га жніўня Праваслаўная царква адзначае адно з вялікіх 12-ці гадавых святаў – Праабражэнне Гасподняе, якое таксама называюць “яблычным спасам”.
Галоўныя святкаванні праходзяць на Святой Гары Грабарцы, у якіх прымае ўдзел і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда:
– З упэўненасцю можна сказаць, што гэта важнае месца, месца вялікага рэлігійнага культу. І прэзідэнт, незалежна ад таго, верыць ён ці не, якога ёсць веравызнання, павінен тут са савімі грамадзянамі і іх гасцямі ў вялікія святы, як сёння, браць удзел. Акрамя гэтага, сённяшняе свята – важная падзея і для мяне як каталіка, бо гэта Праабражэнне Гасподняе і гэта супольнае свята для ўсіх нас.
Сярод гэтай вялікай радасці царква не забывае пра 100-ыя ўгодкі бежанства, пра якое ўзгадаў Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава:
– Нашы продкі пакідалі свае гнёзды з плачам і выязджалі ў невядомае. Многія не вярнуліся. Таму мы вырашылі адзначыць гэты сумны эпізод нашай гісторыі малітвай на Святой Гары Грабарцы.
У жаночы манастыр святых Марфы і Марыі прыбылі мошчы святога Спірыдона.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара