Святкаванне 100-годдзя незалежнасці Польшчы ў Бельскім павеце



Як і штогод, павятовыя святкаванні Дня незалежнасці Польшчы ў Бельску-Падляшскім пачаліся з малітвы за Айчыну ў царкве і касцёле. З увагі на сотую гадавіну вуліцамі горада прайшоў Бельскі марш незалежнасці, у якім ішлі прадстаўнікі мясцовага самакіравання, духавенства, жыхары.

Былі ўскладзеныя кветкі да памятнай шыльды Юзэфу Пілсудскаму і да помніка Яна Паўла ІІ. Марш прыпыніўся яшчэ двойчы: ля І Агульнаадукацыйнага ліцэя імя Тадэвуша Касцюшкі, які сёлета адзначаў 100 гадоў свайго існавання ды ля царквы Св. Міхаіла Архангела. Афіцыйная частка завяршылася ля помніка Незалежнасці Польшчы. Тут супольна праспявалі гімн Польшчы ды ўсклалі кветкі. “Польшча пачынаецца ў нашых лакальных малых Айчынах, на якія працуем усе супольна,” – кажа стараста Бельскага павета Славамір Ежы Снарскі:   

– Няхай наша малая Айчына, натхнёная тымі гістарычнымі часамі, развіваецца так, каб даваць магчымасці кожнаму з нас. Каб людзі адчувалі гонар быць жыхарамі Бельскай зямлі. Каб мы маглі разам ствараць лепшыя ўмовы для супольнага жыцця.

З 14-й гадзіны ў мясцовым амфітэатры праходзіць “Пікнік для Незалежнай”.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя