Святкаванні 11 лістапада ў Гародні
Непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў на Беларусі супольна з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гародні ладзяць шэраг імпрэзаў, прысвечаных 11 лістапада: Дню незалежнасці Польшчы.
Святкаванні пачынаюцца ўвечары 10 лістапада: адбудзецца ўрачысты сход сяброў гарадской арганізацыі. Падчас мерапрыемства запланавана правядзенне канцэрту духавога аркестра і хору «Голас з-над Нёмана», якія выканаюць польскія патрыятычныя песні.
Прадстаўнікі польскай меншасці на Беларусі штогод адзначаюць свята незалежнасці і лічаць яго такім жа блізкім, як і палякі па другі бок мяжы:
Мечыслаў Яскевіч, старшыня непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў:
— Моладзь нават не ведае, што мяжа была ў 25 кіламетрах ад Менска. Але мы, палякі, якія жывуць тут памятаем пра гэта, бо той, хто забыў сваю гісторыю, згубіў сваю тоеснасць.
Святкаванне Дня незалежнасці Польшчы працягнецца ў Гародні 11 лістапада. У гэты дзень прадстаўнікі польскай супольнасці наведаюць вайсковыя і каталіцкія могілкі, дзе запаляць знічы на магілах жаўнераў – герояў польска–бальшавіцкай вайны. Вечарам у Пабернардынскім касцёле адбудзецца ўрачыстая Святая імша за Айчыну.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня