Святлана Чакушка: Спадзяемся спрычыніцца да захавання беларускай традыцыі на Падляшшы



У вёсцы Нарва прайшоў Фестываль Беларускай Традыцыі SONCAHRAJ. Сярод выступоўцаў сваім рэпертуарам і майстэрствам падачы безумоўна вызначыўся гурт „Мярэжа” з Беларусі, які выканаў беларускія традыцыйныя песні, а пасля зладзіў беларускія танцы для ўсіх гледачоў.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцяй Рацыі” – удзельніцай гурту „Мярэжа” Святланай Чакушкай пра тое, ці натуральна гучаць беларускія песні на Падляшшы, як можна ўратаваць памяць пра Купалле на гэтых землях і якія маюцца ў Беларусі ўмовы для спрыяння этнаграфічна-канцэртавай дзейнасці:

РР: Як у вас атрымалася ўсім сабрацца на Падляшшы?

– Думаю, што здарыўся нейкі цуд, што мы сабраліся. Мы хочам падзякаваць арганізатарам фэсту, якія спрычыніліся да таго, што ў нас з’явілася магчымасць сюды прыехаць, сустрэцца і разам паспяваць.

РР: Якія вашыя ўражанні ад выступу?

Мне падаецца, нягледзячы на тое, што падляшскія беларусы выраслі на Падляшшы, а не напрыклад, на Полаччыне, усё роўна Беларусь у нас адна. Беларускія спевы – гэта такое вельмі натуральнае для беларусаў, дзе б яны не знаходзіліся. Нас вельмі цёпла прымалі, мы вельмі ўдзячныя мясцовай публіцы за цёплы прыём. Мы спадзяемся, што цікавасць да беларускай традыцыйнай культуры тут на Падляшшы, у тым ліку дзякуючы нашаму выступу, будзе расці.

РР: Якія песні прагучалі ў выступе?

Мы імкнуліся прадставіць песні купальскага цыклу. Наколькі я ведаю, на Падляшшы не зафіксавалі купальскіх песень, таму мы прадставілі купальскія песні з Полаччыны, з Ганцавіцкага рэгіёну, з цэнтральнай Беларусі, з тых рэгіёнаў, дзе гэтыя святы, гэтыя спевы былі больш пашыраныя.

РР: Калі мы кажам, што купальскія песні не былі зафіксаваныя. Чаму так адбылося?

Мы сёння гэта абмяркоўвалі з арганізатарамі фэсту. Таксама гаварылі пра тое, выказвалі нейкія меркаванні, чаму на Падляшшы не зафіксавана купальскіх песень. Магчыма вельмі паўплывала моцная роля царквы, якая скажам так не заўсёды прыязна ставіцца да такіх старадаўніх звычаяў і абрадаў. Таму іх тут не зафіксавалі нейкіх узораў менавіта купальскіх песень. Да таго ж у праваслаўных на Купалле пост. Хутчэй за ўсё гэта таксама адна з прычын, чаму Купалле не святкавалі, адпаведна і песень не можам зафіксаваць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным навуковым файле.

З „Госцяй Рацыі” – удзельніцай гурту „Мярэжа” Святланай Чакушка камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя