Святлана Ціханоўская атрымала ўзнагароду Эканамічнага форуму ў Карпачы
Святлана Ціханоўская адзначана адмысловай узнагародай Эканамічнага форуму, які праходзіць сёлета ў Карпачы на поўдні Польшчы. Узнагароду прысудзіла Праграмная рада форуму.
Узнагароду беларускай апазіцыянерцы ўручыў кіраўнік Міністэрства замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў, які падкрэсліў, што Святлана Ціханоўская з’яўляецца «вялікім сімвалам барацьбы за найбольш дарагія для нас, палякаў, каштоўнасці – за годнасць, за свабоду, за правы чалавека, за дэмакратыю».
Прымаючы ўзнагароду Святлана Ціханоўская сказала, што вырашыла ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах з-за любові да мужа.
– Для мяне гонар атрымаць гэтую узнагароду, так як і вялікім гонарам для мяне ёсць голас кожнага беларуса, які пераадолеў свой страх і вырашыў змагацца за нашыя правы, свабодную і бяспечную Беларусь. Гэта не мая ўзнагарода, гэта ўзнагарода, якая дастаецца ўсім беларусам, – адзначыла Ціханоўская.
Сітуацыя ў Беларусі была адной з галоўных тэмаў сённяшняга дня Эканамічнага форуму. Святлана Ціханоўская была адным з беларускіх гасцей мерапрыемства.
Сёння на эканамічным Форуме ў Карпачы абмяркоўваецца пытанне эканамічнага супрацоўніцтва Польшчы з Літвой, Беларуссю. А таксама якое гэта мае значэнне для Падляшша.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ukrinform.com, tvn24.pl