Святлана Ціханоўская і Павел Латушка прымуць удзел у святкаванні Дня Волі ў Беластоку
Лідары беларускіх дэмакратычных сілаў разам з прадстаўнікамі беларускай грамады Беласточчыны ў 16.30 ускладуць кветкі да дошкі ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ля будынку следчага ізалятару па вул. Каперніка ў Беластоку. Паводле гісторыкаў, тут у 1939 годзе ад рук савецкіх катаў загінуў Макар Краўцоў, аўтар гімну Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 году.
Фота: belvpo.com
У 17.00 Святлана Ціханоўская таксама сустрэнецца з беларусамі, якія жывуць у Беластоку, ды возьме ўдзел у акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка на Рынку Касцюшкі ля помніка Юзафу Пілсудскаму. У сустрэчы таксама возьме ўдзел кіраўнік Нацыянальнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка. Святлана Ціханоўская і Павел Латушка таксама прымуць удзел у святкаванні Дня Волі ў Беластоцкім лялечным тэатры. Там пройдзе урачыстая сустрэча да 104-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. З гэтай нагоды «Вольны Хор» – ікона беларускіх пратэстаў 2020-2021 гадоў з удзелам дуэта NaviBand і Зміцера Вайцюшкевіча выступіць са спецыяльна падрыхтаванай праграмай.
Сёлетнія ўрачыстасці праходзяць пад лозунгам «Дзень Волі – За нашу і вашу свабоду» і з’яўляюцца выказваннем салідарнасці з Украінай. Урачыстасць таксама будзе транслявацца анлайн на хвалях Беларускага Радыё Рацыя 98,1 FM i 99,2 FM www.racyja.com і на канале YT “Вольнага хору” https://youtu.be/Ti8zEITjunU.
Арганізатары: Фонд Тутака, Беларускі саюз у Польшчы, Фонд «Беларусь 2020», Беларускае гістарычнае таварыства, Беларуская дыяспара Беласточчыны.