Святочны канцэрт у Беластоку да 100-годдзя БНР



Галоўныя ўрачыстасці з нагоды адзначэння стагоддзя абвяшчэння незалежнасці БНР пройдуць у Беластоку ў нядзелю. Святкаванне падзеленая на дзве часткі. Першая – гэта набажэнства на беларускай мове ў царкве Святога Яна Тэолага, а другая, з віншаваннямі і канцэртам, пройдзе ў будынку філармоніі.

Запрашае сябра арганізацыйнага камітэту па святкаванні – Ілона Карпюк-Дамброўская:

– Цяжка ўжо сказаць, што неспадзянкай будзе канцэрт Лявона Вольскага, бо гэта інфармацыя вядомая і шырока каментаваная. А афіцыйная частка, якая будзе папярэднічаць канцэрту госця, гэта тое, што адбываецца на святкаванні Дня Волі ў Беластоку ўжо шмат гадоў.  Заўсёды ёсць лакальныя акцэнты і важныя моманты.

Сярод такіх момантаў – традыцыйнае ўручэнне сімвалічных бел-чырвона-белых букетаў тром асобам, якія зрабілі вялікі ўнёсак у беларускую справу на Беласточчыне. Галоўныя ўрачыстасці ў сталіцы Падляшша пачнуцца 25 сакавіка а 15-ай гадзіне ў філармоніі па вуліцы Падлесьная, 2.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток