Сяргей Бульба: Марым стварыць беларускі батальён
Госць Рацыі – стваральнік «Белага Легіёну» і сузаснавальнік беларускай роты ў складзе тэрытарыяльнай абароны Украіны Сяргей Бульба.
РР: Як абстаноўка на дадзены момант там, дзе вы зараз знаходзіцеся? Як папаўняецца рота? Чаго не хапае зараз?
Сяргей Бульба: Зараз ужо больш менш адладзілі маршрут. Мы, беларусы, усё ж найперш праз галаву інфармацыю прапускаем. А браты нашыя ўкраінцы яны больш праз эмоцыі. Першая хваля, калі да іх дайшло, што Лукашэнка, гэта ўсё ж такі не сябар, а вораг, то пад раздачу мы ўсе ў першую чаргу трапілі.
РР: Але цяпер гэтая тэндэнцыя ўсё ж такі пераломленая?
Сяргей Бульба: Так. Урэшце рэшт яно дастаткова хутка прайшло. Зараз да нас ужо больш спакойна адносяцца. Таму ўжо людзі нармальна прыязджаюць з Польшчы. Іх запускаюць. У прынцыпе, калі не ехаць самаходам, то ёсць варыянты. Тут ходзяць гуманітарныя цягнікі. То адпраўляем гэтымі гуманітарнымі цягнікамі.
РР: Ці можам ужо казаць, якая колькасць у складзе роты?
Сяргей Бульба: Ужо больш за 60 чалавек. І зараз едуць групы па 15-30 чалавек. То бок фактычна ўжо на паток гэта ставіцца.
РР: Наконт абвінавачвання беларусаў. Я ведаю, што у вас была цікавая размова з мэрам Жытоміра. Можаце трохі распавесці?
Сяргей Бульба: Гэта не мая персанальная размова, гэта я праз сяброў украінцаў прасіў. Калі мэр Жытоміра адкрыта выступіў па тэлевізіі на ўсю Украіну, што беларусы зараз для яго ворагі, то мы папрасілі сяброў выйсці на яго і патлумачыць, што нельга так гаварыць. Таму што мы з 2014 года імкнемся давесці інфармацыю, што Лукашэнка і Беларусь – гэта не тоесна. Што беларусы гэта не дзякуючы Лукашэнку, а як раз насуперак. А ўкраінцы са здзіўленнем усё гэта ўспрымалі. «Да ладна, гэта вы проста не задаволеныя ім». А зараз да іх дайшло, што сапраўды гэта „вражына”. І мэр так і перадаў, што выбачайце, і ён можа даць дазвол на стварэнне беларускай роты пры тэрабароне Жытоміра.
РР: Наконт рыштунку. Напачатку былі праблемы з ім? Як зараз, ці хапае ўсяго, што трэба?
Сяргей Бульба: Не, не. Па-перш, мы марым давесці колькасць да батальёну. Таму не хапае. Украінцы маглі даць толькі зброю. Усё астатняе мы збіраем самі з усяго свету. Не хапае багата чаго, і ў тым ліку для новых людзей, там трэба ўсё ад пачатку.
Цалкам размова:
З Сяргеем Бульбам размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя.