Сяргей Бульба: Ніколі ўявіць не мог, што ў Беларусі штосьці падобнае можа адбыцца
Госць Радыё Рацыя — беларускі палітычны дзеяч, кіраўнік варшаўскай беларускай прасторы „Робім разам” Сяргей Бульба.
РР: Хацеў пачаць нашую гутарку з сённяшняга, паколькі сёння 27 лістапада – гэта гадавіна Слуцкага збройнага чыну, чарговы беларускі Дзень герояў. І мы ўзгадваем тыя падзеі, калі беларусы змагаліся супраць бальшавіцкай улады. Як вы глядзіце на такі дзень, на такія даты, якія мы лічым сімвалічнымі?
Сяргей Бульба: Я за пазітыў. Часта бывае, што тая ці іншая нацыя пачапляе на сябе цярновы вянец пакутніцтва. Я можа выкажу не папулярную думку: мне падаецца, што нам усё ж такі лепш святкаваць перамогі. Лепш святкаваць годныя ўчынкі, калі людзі падняліся супраць гвалту. А вось такія святкаванні, як, напрыклад, «Ноч расстраляных паэтаў», яно мяне трошкі засмучае. Мы выхоўваем моладзь на чым? На тым, што нас усё жыццё расстрэльвалі і мы такія пакутнікі? Застаецца толькі лапкі скласці.
РР: Але гэта хутчэй пытанне памяці пра тое, што адбылася такая падзея і мы мусім памятаць пра гэта. Схіліць галовы перад гэтымі ахвярамі. Гэтак жа, відаць, і са Слуцкім збройным чынам.
Сяргей Бульба: Я згодны з вамі. Так.
РР: Бо ахвяраў усё больш у нашым жыцці. І Украіна тут яшчэ дадалася. І беларусы сёння змагаюцца на тэрыторыі Украіны.
Сяргей Бульба: Неяк ніколі не мог падумаць, што нам прыйдзецца перажываць падзеі, якія прыкладна можна параўнаць з 1937 годам. А ў Беларусі зараз, я так разумею, усё ідзе ў тым накірунку. Падавалася, што 21 стагоддзе, што мы прайшлі ўжо гэты досвед, нам як нацыі, гэты досвед не патрэбны, але бачыце, што робіцца, як быццам нейкія „пякельныя міры” падняліся да ўзроўню чалавечых. Зараз прыехаў хлопчык з Беларусі, бізнэс забралі, ламалі так, што цяпер ён спаць не можа. У яго панічныя атакі такія, што калі ён вочы заплюшчвае, то яму зноўку здаецца, што яго катуюць. Паспрабавалі ў Польшчы, каб яго палекаваць. І пачынаецца: а вы зарэгістраваныя як палітзняволены, яшчэ нешта. Кажа: не, не зарэгістраваны. То бок, у нас у дзясяткі разоў болей такіх, якія нідзе не зафіксаваныя. Тая ж «Вясна» фіксуе, што ў нас, па-мойму, 2000 палітзняволеных. А насамрэч чалавек сцвярджае, што ў дзясяткі разоў болей. Проста ніхто пра іх не гаворыць.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя