Сяргей Бульба: У Тыбета тыя ж праблемы, што ў Беларусі і Украіны
У беластоцкім хабе „Новая Зямля” беларускі дзеяч, стваральнік „Белага легіёну” Сяргей Бульба прачытаў публічную лекцыю пра Тыбет, дзе пражыў некалькі год, і адказаў на пытанні прысутных.

Пра мэту сустрэчы распавёў сам спікер вечара, Сяргей Бульба:
– Хацелася трохі абстрагавацца ад палітыкі і пашукаць, што нас усіх насамрэч аб’ядноўвае. Проста знайсці агульначалавечыя рэчы, на базе якіх выбудаваць стрыжань, каб можна было будаваць Новую Беларусь. Я багата часу пражыў у Непале. Непал у прынцыпе такая невялікая краіна паміж двума монстрамі – паміж Індыяй і Кітаем. Увесь час ідзе барацьба за свядомасць тых непальцаў. У Непале няма сваёй нафты, бензіну адпаведна, індусы адмыслова спынялі бензавозы: „Далучайцеся да індыі і ўсё ў вас будзе добра”.
Падчас сустрэчы ў Беластоку Сяргей Бульба не толькі раскрыў агульны гісторыка-культурны вобраз Тыбета і яго „візітоўкі” – будыйскай рэлігіі, але і ўзняў важныя пытанні асіміляцыі мясцовых жыхароў праз Кітай і Індыю. Асобна было закранута пытанне заняпаду тыбецкай мовы на фоне шырокага ўжытку кітайскай мовы ў рэгіёне.


Беларускае Радыё Рацыя
