Сяргей Доўгушаў: Музыка заўсёды бадзёрыла і давала сілы
5 чэрвеня Павел Латушка і Народнае антыкрызіснае кіраванне ладзяць пратэст на памежным пераходзе “Баброўнікі – Бераставіца”. У выніку з’явіцца заклік да Еўрапейскага звязу ўвесці хутчэй рашучыя і эфектыўныя санкцыі, а таксама будзе патрабавацца адкрыццё наземнай межы для грамадзян Беларусі. У гэтай акцыі возьмуць удзел таксама музыкі, пра значэнне музыкі кажа Сяргей Доўгушаў.
РР: Сапраўды істотная падтрымка музыкаў? Якое музыка мае значэнне пры такіх акцыях?
Сяргей Доўгушаў: Тое, што людзі не маўчаць, тое, што людзі актыўнічаюць, аб’ядноўваюцца і як могуць выказваюць сваю пазіцыю – вельмі важна зараз. Вельмі важна для тых, хто зараз апынуўся ў складанай сітуацыі. Ён павінен адчуваць гэтую падтрымку. А музыка ва ўсе гістарычныя часы давалі людзям сілу, падбадзёрвала, узмацняла дух і сапраўды давала сілы.
РР: Мабыць так ёсць, бо калі глянем на падзеі апошніх месяцаў, то шмат якія беларускія музыкі патрапілі пад рэпрэсіі – суткі, штрафы. Улада баіцца музыкі.
Сяргей Доўгушаў: Я думаю тут сітуацыя не толькі з музыкай звязаная. Агулам усё тое, што супраць, усё тое, што перашкаджае, тыя актыўныя людзі, што выходзілі на вуліцы, калі былі дваровыя акцыі, калі музыкі ладзілі бясплатныя канцэрты для двароў. Гэта таксама пачало пужаць, і там вырашылі па хуткаму разабрацца. Таму любыя акцыі салідарнасці, акцыі спеваў, музыкі будуць выклікаць, канешне, абурэнне з боку ўлады.
РР: А ці вядома, што заўтра заспяваюць, зайграюць, якую музыку прадставяць беларускія музыкі?
Сяргей Доўгушаў: Я ведаю, што едуць некалькі аўтобусаў розных музыкаў з Варшавы. Дакладна, думаю, пакуль праграма не раскрываецца. Больш будзе вядома заўтра. Чуў, што збіраюцца нейкія рок-гурты, таксама Варшаўскі вольны хор збіраецца ехаць. І Павел Латушка будзе выступаць.
Цалкам размова:
Акцыя адбудзецца 5 чэрвеня ля памежнага пераходу “Баброўнікі – Бераставіца”, пачатак а 15-й гадзіне. Акцыю плануецца праводзіць тыдзень.
Размаўляў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя