Сяргей Нічыпарук: Я стаяў на магіле братоў і пытаў у Бога – за што?
29 студзеня 1946 года аддзел польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім „Буры”, спаліў вёску Залешаны. Загінула тагды 16 цывільных жыхароў, у тым ліку 9 дзяцей. Мікіта Нічыпарук, бацька нашага сённяшняга суразмоўцы, страціў у гэты дзень 3 сыноў ва ўзрасце 8, 6 і 4 гады і цяжарную жонку, брата, братавую і іхняе дзіця. З гэтага дня мінула 74 гады. Госць Рацыі – Сяргей Нічыпарук, чалавек, які неаднаразова сведчыў пра трагедыю, якую прынёс ў Залешаны аддзел польскага ўзброенага падполля пад камандаванем „Бурага”.
РР: Сустракаемся напярэдадні трагічных падзеяў у Залешанах. Вы будзеце там у гэтыя дні?
Сяргей Нічыпарук: Абавязкова, калі не здарыцца нешта такое, што не дазволіць. А калі буду жывы, то пастараюся быць.
РР: З якімі пачуццямі Вы прыходзіце да Крыжа? Што гэта для вас значыць?
Сяргей Нічыпарук: Пачуцці мяняюцца, штосьці новае ў галаву і сэрца прыходзіць. Сёння я быў на службе ў царкве ў Залешанах. У царкве, пра якую яшчэ гадоў дваццаць таму ніхто не мог думаць, што яна там будзе, што там будуць маліцца за тых, хто загінуў. Святар сказаў вельмі цікавыя словы, што трагедыя можа стаць насеннем радасці. І гэта гучыць вельмі дзіўна. Як тут можна прымяніць слова радасць? Мы, людзі, не ўяўляем сабе, якія задумы ў Бога, калі штосьці здараецца. Я колькі разоў у жыцці, стоячы на магіле сваіх братоў, пытаў у Бога, бо каля мяне больш нікога не было, чаму, за што яны загінулі? І толькі цяпер пачынаю разумець тое, што сталася. Наша зямля акрамя мучаніка Гаўрыіла не мела сваіх святых. А цяпер, я больш чым упэўнены, што тады Бог даваў нам сваіх святых – нашых святых. Мы маліліся доўга за іх, а цяпер будзем маліцца да іх – людзей, якія сталі бязвіннай ахвярай. Ніхто з іх не меў той віны, якую ім прыпісваюць. А забілі іх за тое, што інакш хрысціліся, інакш прамаўлялі свае малітвы. Я думаю, што даспеў час, каб мы так на гэта паглядзелі. Я ведаю, што ніколі ў нашых сэрцах не было нянавісці, пачуцця помсты за тое, што адбылося. Мы толькі задавалі пытанне: чаму, чаму, чаму?.. А магчыма гэты адказ у нас з’явіцца. А можа некалі і сапраўды пачнем радавацца, як гэта дзіўна не гучыць.
РР: Вы неаднаразова спрабавалі наладзіць кантакты з сынам Рамуальда Райса “Бурага”. Ён і надалей застаецца на тых пазіцыях, што ягоны бацька здзейсніў подзвіг тут, на Падляшшы. Як Вы гэта тлумачыце?
Сяргей Нічыпарук: Сын “Бурага”, з якім я не меў гонару яшчэ пабачыцца вочы ў вочы, але размаўляў з ім па тэлефоне, я ведаю яго пазіцыю. Ён усё жыццё хоча апраўдаць чын свайго бацькі і нават пайсці далей – ён гэты чын хоча, каб пацвердзілі як геройскі чын вялікага патрыёта. І я гэтага чалавека разумею. Кожны з нас хацеў бы, каб ягоны бацька быў героем, а не бандытам, калі нават ён зрабіў злачынства. І праўда для яго, як сына злачынцы, вельмі баліць. Спадзяюся, што раней ці пазней, можа вельмі позна, гэты чалавек зразумее, што адбылося. Але каб разумець, для гэтага трэба духоўна даспець. Не баяцца стаць вочы ў вочы з ахвярамі свайго бацькі, якія яшчэ жывуць. Мо таму яны і жывуць так доўга, каб калісьці ягонае сэрца здрыганулася і зразумела, што забойства нявінных дзяцей геройствам назваць нельга. Мяне ўжо не турбуе, што ходзяць маладыя людзі і крычаць: “Буры” – герой!”. Няхай крычаць. Я сваё ведаю. А іх крык ужо робіцца трагічна смешным.
У снежні мінулага года Сяргей Нічыпарук быў уганараваны прэзідэнтам Польшчы кавалерскім Ордэнам Адраджэння Польшчы за заслугі ў карысць дэмакратычных пераменаў, як старшыня „Салідарнасці” ў Дубічах Царкоўных.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя