Сярод літоўцаў 73% адмоўна ці хутчэй адмоўна ставяцца да Беларусі



Кампанія Baltijos tyrimai правяла ў Літве апытанне, у якім папрасіла выказаць сваё меркаванне аб тузіне краінаў свету.

Украіна знаходзіцца ў ліку дзяржаў, якія ацэньваюць найбольш спрыяльна. Вельмі спрыяльна яе ацэньваюць 28% рэспандэнтаў, яшчэ 52% ацэньваюць гэту краіну спрыяльна. Спрыяльную адзнаку атрымала і Польшча: 24% ацанілі яе вельмі спрыяльна і 64% хутчэй, спрыяльна.

Далей ідуць Латвія, Эстонія, ЗША, Швецыя, Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія. Астатнія тры краіны — Беларусь, Расея і Кітай — атрымалі менш спрыяльную ацэнку.

Рэсурс Delfi тлумачыць гэта тым, што Расея пачала вайну ва Украіне, Беларусь успрымаецца як краіна, якая дапамагае незаконнай агрэсіі. Беларусь спрыяльна ацэньваюць менш за 1/5 рэспандэнтаў. Крыху больш спрыяльна Беларусь ацанілі жыхары старэйшыя за 50 гадоў, пенсіянеры, рабочыя і фермеры, этнічныя расейцы і палякі.

Паводле апытання, менавіта палякі, якія пражываюць у Літве, — адзіная група рэспандэнтаў, якая ацэньвае Беларусь спрыяльна (45%), а неспрыяльных адзнак Беларусі ў гэтай групе было 33%.

Беларускае Радыё Рацыя