Сярод замежных студэнтаў у беластоцкім універсітэце беларусаў найбольш
Цягам некалькіх апошніх год найбольш колькаснай групай сярод замежных студэнтаў Універсітэта ў Беластоку з’яўляюцца грамадзяне Беларусі.
“Каля 70% з гэтай колькасці – уладальнікі «карты паляка» і вучацца на такіх жа ўмовах як і грамадзяне Польшчы. То бок бясплатна. Кожны год лічба беларусаў, якія жадаюць вучыцца ў нас, каля 135 чалавек”, – паведаміла прэс-сакратар згаданага ўніверсітэта Катажына Дзедзік:
– Найбольш ахвотна студэнты з Беларусі абіраюць факультэт эканомікі і кіравання. На дадзены момант маем 39 такіх студэнтаў. А на другім месцы іх зацікаўленасць была ў філалагічным факультэце. Там – 37.
Пераважная большасць беларускіх студэнтаў паступаюць на І ступень, у гэтым навучальным годзе такіх 111, а рэшта, 24 чалавекі, навучаецца на ІІ-й ступені ў магістратуры. Таксама Катажына Дзедзік узгадала і пра будучыню спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, якая раней была ва ўніверсітэце ў Беластоку:
– Сем-восем год таму была праблема ў тым, што зацікаўленасць факультэтам беларускай філалогіі была вельмі малая. Яна змяншалася з году ў год. Таму набор у 2014-2015 гадах кіраўніцтва ўстановы вырашыла спыніць у надзеі на тое, што зацікаўленасць будзе ў наступным годзе. Але яе не было. І з той пары ўжо тры гады няма, і факультэт беларускай філалогіі быў проста ліквідаваны. Увогуле, мы не плануем адкрываць новыя спецыяльнасці навучання. На дадзены момант няма такога кшталту дыскусій.
“Зараз мы засяроджаны на іншых пытаннях, звязаных з рэформай адукацыі. Можа, пазней з’явіцца дыскусія аб вяртанні “Беларускай філалогіі”, але найперш патрэбна будзе вывучыць попыт на гэтую спецыяльнасць”, – падсумавала Катажына Дзедзік.
Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток