Сёлета ўрачыстасцяў з нагоды 100-годдзя „Ягелоніі” не будзе



Не будзе, сярод іншага, выдатнага канцэрту на Рынку Касцюшкі, шэсця па горадзе ды іншых падзей, паведамляе radio.bialystok.pl.

З-за пандэміі каронавіруса, прыхільнікі „Ягелоніі” (Беласток) адмянілі ўсе святкаванні 100-годдзя клуба, запланаваныя на гэты год. Пра сваё рашэнне яны паведамілі ў Facebook.

Фанаты „Ягелоніі” хацелі адзначыць юбілей у першым туры наступнага сезона. У сярэдзіне ліпеня павінен быў адбыцца матч лігі ва ўнікальнай абстаноўцы. Перад гарадскім стадыёнам павінен быў адбыцца вялікі сямейны пікнік, потым матч, і, нарэшце, шматтысячнае шэсце па горадзе на канцэрт на Рынку Касцюшкі. З-за абмежаванняў у арганізацыі масавых мерапрыемстваў, іх не будзе. Гэтак жа, як і міжнароднага футбольнага фанацкага турніру альбо адкрыцця помніка воінам 42-га стралковага палка перад стадыёнам па адрасе: вул. Сонечная.

Як заяўляюць прыхільнікі „Ягі”, усе запланаваныя мерапрыемствы павінны адбыцца ў наступным годзе. „Ягелонія”- Беласток – самы паспяховы футбольны клуб паўночна-ўсходняй Польшчы. Дата стварэння клуба – травень 1920 года. Тады жаўнеры 42-га стралковага палка стварылі спартыўны клуб – футбольную секцыю.

Гэты год – згодна з рашэннем гарадскіх радных – год „Ягелоніі”. 

Цяпер гульцы жоўта-чырвоных рыхтуюцца да аднаўлення перапыненых гульняў футбольнай лігі. Першы матч яны згуляюць 31 траўня ў гасцях з „Краковіяй”.