Сёмыя ўгодкі авіякатастрофы пад Смаленскам (абноўлена)



Перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве адбыліся ўрачыстасці ўшанавання памяці ахвяраў Смаленскай авіякатастрофы. У сваёй прамове прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адзначыў, што 10 красавіка – гэта для яго дзень глыбокай задумы і разважанняў.

– Сем гадоў мінула ад таго драматычнага дня. У пэўным сенсе для грамадства, блізкіх – жонак, мужоў, бацкоў, дзяцей, унукаў – свет абрынуўся.

Прэзідэнт Анджэй Дуда адзначыў, што польская дзяржава павінна высветліць дакладныя прычыны катастрофы.

***

У Вайсковым тэхналагічным інстытуце ў Варшаве прайшла сустрэча, якая была арганізаваная міністэрствам абароны і падкамісіяй у справе даследавання Смаленскай катастрофы 10 красавіка 2010 года. Следчыя прадставілі тэорыю аб памылках расейскіх кантралёраў палёту і пра эксперыменты, якія былі праведзеныя з мэтай устанаўлення таго, што адбылося на борце самалёта з прэзідэнтам Польшчы ў апошніх хвілінах і секундах да катастрофы. Перад прэзенатацыяй міністр абароны Антоні Мацярэвіч гаварыў:

– Людзі, якія туды былі высланыя, не мелі паўнамоцтваў і магчымасцяў вывучэння абставін гэтай катастрофы ў тых першых найважнейшых гадзінах. Таму трэба не на іх ускладаць адказнасць, а на тых, хто вырашыў выслаць іх без ніякіх паўнамоцтваў, а ў гэты час прыняць расейскія ўмовы, якія аддалі гэтую справу ў расейскія рукі. Цяперашні ўрад Польшчы бярэцца за гэтую справу.

Раней даследаванні Смаленскай катастрофы праводзіла Камісія ў справе даследаванняў авіякатастрофаў, якой кіраваў тагачасны міністр унутраных спраў Польшчы Ежы Мілер. У ліпені 2011 года камісія Мілера апублікавала вынікі даследавання, у якіх між іншым сцвярджалася, што прычынай катастрофы быў зыход самалёту ніжэй мінімальнай адлегласці да зямлі, у выніку чаго самалёт ударыў у дрэва. Камісія Мілера абвергла тэорыю аб замаху.

***

Роўна 7 гадоў таму адбылася авіякатастрофа пад Смаленскам. 10 красавіка 2010 года самалёт польскага прэзідэнта Ту-154М выконваў рэйс з Варшавы ў Смаленск для наведвання катыньскага мемарыяла.

Паветранае судна пацярпела крушэнне пры заходзе на пасадку на аэрадром Смаленск-Паўночны. У выніку загінулі ўсе 96 асоб, якія знаходзіліся на борце: 89 пасажыраў і 7 чальцоў экіпажа. Сярод загінулых – прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай, чыноўнікі высокага рангу, парламентарыі, прадстаўнікі духавенства й інтэлігенцыі, шэсць з сямі вышэйшых камандзіраў польскіх узброеных сіл.

Па ўсёй Польшчы сёння пройдуць акцыі ў памяць загінулых.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: РАР