Восьмы дзень пратэсту на граніцы з Беларуссю



Каля польскіх Баброўнікаў, што мяжуюць з беларускай Бераставіцай, знаходзіцца шмат пікетоўцаў з нацыянальнай сімволікай.

Сярод іх – лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які адзначае, што “наша шматдзённая акцыя паказала, што змагацца за свабоду і дэмакратыю Беларусі можна і трэба ў любых умовах”. Сярод прысутных таксама дэпутат польскага Сейму – Робэрт Тышкевіч:

– Сёння чарговы дзень пратэсту – блакады памежнага пункту ў Баброўніках. Гэты пратэст пашырыўся і на іншыя краіны, якія суседнічаюць з Беларуссю – на Украіну, на Літву. Але пачаўся ён тут – у Баброўніках тыдзень таму. Гэта паказвае вялікую мэтанакіраванасць беларускага народу і беларускай дыяспары ў Польшчы, якія чакаюць адкрыцця наземных граніц і рэальных санкцый з боку Еўрапейскага звязу. Давайце іх падтрымаем у іх змаганні, не можа быць цішыні вакол беларускай справы. Жыве Беларусь!

Граніцу з Беларуссю сёння часова заблакавалі ўдзельнікі мітынгаў адразу ў трох краінах: Польшчы, Літве ды Украіне. Паслухаем, як гучаць украінскія Новыя Ярылавічы:

– Верым! Можам! Пераможам!

– Жыве Беларусь!

Сёння пікетаванні на граніцах з Беларуссю мелі завяршыцца, але ўдзельнікі пакуль кажуць, што будуць глядзець “па сітуацыі”.

* * * 

Роўна тыдзень прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы пікетуюць пункт пропуску Баброўнікі-Бераставіца на мяжы з Беларуссю. Удзельнікі запавольваюць рух транспарту, патрабуючы ад Лукашэнкі адкрыцця наземных граніц і вызвалення палітвязняў, ад Еўразвязу – хуткага ўвядзення новых санкцый да рэжыму.

Сёння ў Баброўніках мнагалюдна – кажа ўдзельнік пікетавання, сябра БХД – Георгій Дзмітрук:

– Сёння  больш людзей, чым звычайна. Настрой вясёлы, баявы, натхнёны. Беларусы прывезлі вялізны сцяг, толькі што вывесілі яго на ўездзе ў Рэспубліку Польшча. Затрымліваем рух, адбываецца невялікае пікетаванне, усе вельмі дружныя, віншуюць адзін аднаго. Але вельмі напружаная сітуацыя, таму што ёсць невялікія правакацыі, але ўсе дружна трымаюцца і ўсё ідзе ў патрэбным кірунку.

РР: Гэтыя правакацыі з боку нібыта нейкіх удзельнікаў, якія спрабуюць далучыцца?

– Так, спробы невялікіх правакацый ёсць і мы да гэтага гатовыя.

У Баброўніках на некалькі кіламетраў расцягнулася чарга грузавых машын, што звычайна для выходных дзён. Як кажа Георгій Дзмітрук, большасць кіроўцаў пазітыўна рэагуе на пікетоўцаў. Такія ж акцыі на сёння запланаваныя ў Кузніцы, Цярэспалі і Кукурыках, а таксама ў літоўскім Медзінінкаі і ва ўкраінскіх Новых Ярылавічах.

Фота: з facebook Георгія Дзмітрука

* * * 

Сёння пройдзе галоўны дзень шматдзённага мітынгу беларусаў на мяжы – 3 краіны, 6 памежных пераходаў: у Польшчы – гэта Баброўнікі, Кузніца, Цярэспаль і Кукурыкі – пачатак ў 12.30; у Літве – пункт пропуску Мядзінінкай – пачатак ў 12.30; і ва Украіне – пункт пропуску Новыя Ярылавічы.

На памежных пунктах ў Бабраўніках і Кузніцы будзе арганізавана музычная праграма, а таксама  можна будзе задаць свае пытанні Паўлу Латушку і камандзе Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Увесь тыдзень беларусы Польшчы і Літвы пікетуюць памежныя пункты з Беларуссю, патрабуючы ад Еўразвязу увядзення эфектыўных санкцый супраць тэрарыстычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а ад самой дыктатуры – вызвалення палітвязняў і адкрыцця наземных межаў для грамадзян Беларусі.

„Мы ўжо бачым вынікі акцыі”, – паведамляе тэлеграм-канал Паўла Латушкі. – „Еўрадэпутаты прынялі рэзалюцыю за ўвядзенне жорсткіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, а Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамендавала ўраду адкрыць наземныя межы для грамадзян краіны”.

Беларускае Радыё Рацыя