Сёння споўнілася б 90 гадоў Юры Туронку
Выбітнаму беларускаму грамадскаму дзеячу, гісторыку Юры Туронку сёння споўнілася б 90 гадоў. Ён аддана працаваў у Беларускім грамадска-культурным таварыстве ад яго заснавання да пачатку 90-х. Быў адным з арганізатараў беларускага руху моладзі і студэнтаў у Польшчы ў 80-х.
Доктар Алена Глагоўская адзначае, што Туронак у сваёй дзейнасці не падпарадкоўваўся ўладам, працаваў з адказнасцю і адвагай:
– Гэтая яго ідэйнасць у БГКТ, ідэйнасць у навуцы вымагала перадусім адвагі. Яна не падпарадкоўвалася ніякім указанням зверху.
Прафесар Алег Латышонак:
– Яго вялікая жыццёвая тэма „Беларусь у часе Другой сусветнай вайны”.
Старшыня Саюза беларусаў Польшчы Яўген Вапа:
– Гістарычныя працы напісаныя Юрыем Туронкам – гэта працы, якія часта распрацоўваюцца цэлымі інстытутамі.
Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Юры Туронак апрача грамадскай дзейнасці грунтоўна займаўся гісторыяй. Аўтар такіх кніг, як „Беларускае школьніцтва на Беласточчыне” (1976), „Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай” (2000), „Беларуская кніга пад нямецкім кантролем” (2002), „Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі” (1992, 2007). Памёр 2-га студзеня 2019 года ў Варшаве.
Фільм Радэка Дамброўскага „Носьбіты культуры. Юры Туронак” (2014)
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя