У Варшаве развіталіся з гісторыкам Юрыем Туронкам (абноўлена)



У Варшаве развіталіся з гісторыкам  Юрыем Туронкам. Пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў апошні зямны шлях  правялі яго сям’я, блізкія,  сябры, тыя, для каго ён усё жыццё быў аўтарытэтам.

Паніхіду ўзначаліў Архімандрыт Сяргей Гаек і святар з Берасця Ігар Кандрацьеў.

Пра Юрыя Туронка гавораць родныя і сябры:

– Я сустракаўся некалькі разоў з Юрыем на канферэнцыях. Вельмі ўважліва сачыў за яго даследаваннямі. Для нас няма сумневу, што гэта быў вялікі беларус, вялікі хрысціянін. Мы молімся за яго як за грэка-католіка, але разумеем, што гэта асоба для ўсіх канфесій з’яўляецца вялікім прыкладам любові да Беларусі.

– Архімандрыт Сяргей Гаек гэта ўсё арганізаваў. Веліч гэтай асобы для нас важная. Пашану яму аддаем зараз, дапамагаючы яму перайсці ў вечны супакой.

– З Туронкам адыйшла цэлая эпоха. Добра, што ён дачакаўся такога ўнука, які так добра размаўляе на беларускай мове. Аж у сэрцы поўна радасці!

– Як паўгода таму атрымліваў яго ўзнагароду да Дня Незалежнасці Беларусі, то тады сапраўды пабачыў, што гэта быў вельмі вялікі чалавек. І  думаю, што кожны хацеў бы мець кагосьцті такога ў сваёй сям’і.

У жалобнай ўрачыстасці таксама прынялі ўдзел падляшскія беларусы, для якіх Юры Туронак быў не толькі вялікім аўтарытэтам, але настаўнікам і сябрам, кажа прафесар Алег Латышонак:

– Беластоцкія беларусы прыехалі развітацца з Юрыем Туронкам. Ён быў для нас найважнейшым з усіх, бо хоць і адчуваў вялікую повязь з Беларуссю, з Менскам, але перш за ўсё быў наш. Прыйшлі ўсе, прыехалі беластоцкія, прыйшлі варшаўскія, і з апошняй хвалі эміграцыі, прыехалі з Беларусі. Развіталіся з Туронкам як нацыя, як беларусы адусюль.

Адышоў вялікі маральны і інтэлектуальны аўтарытэт. Юры Туронак для многіх пакаленняў беларусаў Беласточчыны вызначаў напрамкі, служыў радай і сваімі ведамі. Правесці ў апошні шлях свайго настаўніка прыехалі шматлікія ўраджэнцы Падляшша, сярод іх пісьменніца Анэта Прымака-Онішк і адстаўны палкоўнік Юрка Зюзя:

Нябожчык Юры Туронак быў маім сябрам, а таксама настаўнікам гісторыі Беларусі. Я ведаў пра БНР, ведаў ад яго праўду пра акупацыю Беларусі немцамі і саветамі.

– Ён прачытаў маю кнігу, што для мяне гонар: сам Юры Туронак чытаў маю кнігу. Мы з ім сустрэліся ў жніўні ў Трыпуцях. Ён хацеў паказаць мне і мапы, і кніжкі, якія яшчэ ёсць у Варшаве. Юры Туронак яшчэ многа нам мог бы даць.

Юрыя Туронка правялі ў апошні шлях пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Яго труну таксама пакрываў бел-чырвона-белы сцяг з гербам Пагоня. Развітанне прайшло ў грэка-каталіцкай царкве айцоў-базыльянаў у Варшаве. Адпяваць Юры Туронка прыехалі з Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і айцец Аляксандр Шаўцоў.

Юрый Туронак памёр 2 студзеня на 90-м годзе жыцця. Пахаваны на праваслаўных могілках на Варшаўскай Волі. Ён быў даследчыкам беларускай гісторыі дваццатага стагоддзя. Усё сваё жыццё прысвяціў беларускай справе.

* * * 

А 12.30 у грэка-каталіцкай царкве (Miodowa 16) пройдзе развітанне з гісторыкам Юрыем Туронкам. Пахаванне адбудзецца а 14.30 на праваслаўных могілках на Волі (Wolska 138/140).

Ён быў не толькі знакамітым даследчыкам гісторыі, але перш за ўсё чалавекам, які ўмеў знайсці супольную мову з моладдзю. Для студэнтаў, якія вучыліся ў Варшаве, Туронак быў аўтарытэтам, і дзякуючы менавіта спатканням з ім сялянскія дзеці з Беласточчыны не асіміляваліся ў польскамоўным асяроддзі. Узгадвае этнолаг Эва Мороз-Кэчыньска:

– У яго была вялікая ўвага да маладых людзей. Для мяне гутаркі з ім былі магчымасцю паслухаць аўтарытэта. Казаў мне: „Падумай, адкуль ты”. Першы раз чула, каб хтосьці казаў пра тое, як захаваць нацыянальную ідэнтычнасць.

Юры Туронак – аўтар кніг «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі» (1992, 2007), «Людзі СБМ» (2006), «Мадэрная гісторыя Беларусі» (2006). Памёр 2 студзеня на 90-ым годзе жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя