Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў імшу на Падляшшы
За хуткае і мірнае завяршэнне крызісу ў Беларусі маліўся на Падляшшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Кіраўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ўзначаліў Святую імшу па-беларуску ў капліцы ў Орлі на Падляшшы. Вернікі маліліся за вяртанне спакою грамадзянам Беларусі.
– Памолімся пра хутчэйшае завяршэнне грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі. Каб ён завяршыўся мірным шляхам, і каб наша краіна магла будаваць сваё шчасце паводле духоўных прынцыпаў Евангелля.
– Першы раз на такой літургіі прысутнічаю, ніколі не чула яе на беларускай мове. Каталіцкая літургія па-беларуску – прыгажосць! Можа будзе такое шчасце, што мітрапаліт вернецца на сваю зямлю.
– Ініцыятыва гэтай малітвы па просьбе мясцовых жыхароў. Яны звярнуліся да мітрапаліта, ці мог бы ён памаліцца на беларускай мове, бо іх родная мова – беларуская і ў культуры, і ў жыцці. Мітрапаліт служыць людзям, і ў гэтай службе мы ўзнеслі малітву да Бога.
31 жніўня арцыбіскупу Менска-Магілёўскаму Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Днямі начальнік Дэпартаменту грамадства і міграцыі Аляксей Бягун заявіў, што ягоны пашпарт быў прызнаны несапраўдным, аднак грамадзянства яго не пазбавілі. З таго часу мітрапаліт Кандрусевіч знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі і знаходзіцца на Падляшшы.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Сёння, 15 верасня, у 15.30 у Капліцы ў Орлі на Святой Імшы будзе прысутнічаць старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Як паведамляецца на старонцы парафіі Найсвяцейшага Боскага Провіду ў Бельску Падляшскім у Фейсбуку, арцыбіскуп Кандрусевіч правядзе імшу на беларускай мове.
Арцыбіскупа 31 жніўня беларускія памежнікі не ўпусцілі ў краіну. Тадэвуш Кандрусевіч вяртаўся дадому пасля працоўнай паездкі ў Польшчу. Сёння Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што арцыбіскуп не пазбаўлены беларускага грамадзянства, але ідзе праверка па яго справе. Раней памежнікі сказалі, што пашпарт Кандрусевіча прызнаны несапраўдным.
Беларускае Радыё Рацыя