Тадэвуш Трускаляскі чацвёрты раз будзе балатавацца ў прэзідэнты Беластока



Тадэвуш Трускаляскі будзе кандыдатам партый «Platforma Obywatelska» і «Nowoczesna» ў прэзідэнты горада Беластока.

Сваё рашэнне прадставіў на супольнай канвенцыі гэтых партый у Беластоку. Кандыдата прадставілі лідар «Platformу» Гжэгаж Схэтына і лідарка «Nowoczesnej» Катажына Лубнаўэр.

Тадэвуш Трускаляскі на пасадзе прэзідэнта Беластока знаходзіцца ўжо ад 12 гадоў. Паводле яго слоў, іншыя кандыдаты прадстаўляюць інтарэсы партый, а ён з’яўляецца незалежным кандыдатам, якога падтрымлівае «Грамадзянская кааліцыя».

Гэта кандыдаты, якія пераважна будуць прэзентаваць інтарэсы сваіх партый. Тут жа маем грамадзянскую кааліцыю, адпаведна будзем прэзентаваць патрэбы і спадзяванні ўсіх жыхароў нашага горада.

Сёлета самаўрадавыя выбары ў Польшчы адбудуцца восенню. Старт у выбарах прэзідэнта горада заявілі ўжо Яцэк Жалек з «Аб’яднанай правых», Кацярына Штоп-Руткоўская з «Ініцыятывы для Беластока», Тадэвуш Арлуковіч з «Кукіз’15» і Марсін Савміцкі з групы «Люблю Беласток».

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота bialystok.wyborcza.pl