Тадэвуш Трускаляскі: Памежны пераход у Баброўніках мусіць быць часова закрыты



Мясцовыя ўлады Польшчы, аб’яднаныя ў Рух мясцовага самакіравання „Так! За Польшчу”, заклікалі Урад прыпыніць гандаль з Беларуссю і Расеяй.

Пра магчымае закрыццё пераходу ў Баброўніках, як адну з мераў па спыненню гандлю з РБ, выказаўся прэзідэнт Беластока, прэзідэнт Саюза польскіх мітраполій Тадэвуш Трускаляскі:

– Ёсць зварот, каб спыніць гандаль. Тавары ідуць праз гэты пераход, таму гэтага гандлю не павінна быць. Пераход павінен быць закрыты пакуль Пуцін не выйдзе з Украіны. Бізнес не робіцца з забойцамі і хлусамі. Мы хочам перапыніць гандаль і памежны рух з Расеяй і Беларуссю, бо Беларусь падтрымлівае рэжым Пуціна.

Прэзідэнт Сопата Яцэк Карноўскі, старшыня рады мясцовага самакіравання „Так! За Польшчу”, акрамя абмежавання руху цяжкавікоў TIR праз Беларусь у Расею, узняў пытанне спынення еўрапейскага гандлю вугалем і нафтай з Расеяй:

Прэм’ер Маравецкі пытае ў Еўразвяза, ці Еўразвяз зробіць тое, што трэба, ці Польшча можа зрабіць тое, што трэба. Калі мы перастанем імпартаваць вугаль з Расеі? Кажучы пра фуры трэба таксама казаць пра вугаль, нафту і газ. Грамадзяне Польшчы гэта адчуюць, але калі бачым гэтую трагедыю, то трэба быць гатовым перанесці ўсе гэтыя складанасці.

Вядома, што прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі абвясціў, што Польшча зробіць усё, каб адмовіцца ад расейскай нафты да канца году. Паводле плану, дзякуючы газавым тэрміналам у Свінауйсце і пад Гданьскм, газаправоду Baltic Pipe, Польшча можа стаць незалежнай ад расейскага газу ўжо сёлета.

Беларускае Радыё Рацыя