Тадэвуша Трускаляскага абвінавачваюць у выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу



Тадэвуш Трускаляскі выкарыстоўвае чыноўнікаў управы горада для працы ў сваім выбарчым камітэце – закідваюць цяперашняму прэзідэнту Беластока сябры рады горада ад імя партыі Права і Справядлівасць. Паводле ПіС, выбарчую кампанію Трускаляскага ў Фейсбуку вядзе тая ж самая асоба, якая абслугоўвае афіцыйны фанпэйдж горада. Гэта неэтычныя і несумленныя паводзіны, лічыць Севастыян Путра з ПіС.

– Такі прыклад: калі параўнаць старонкі на Фэйсбуку кіраўніка Беластоку і выбарчага камітэта Трускаляскага, то можна заўважыць шмат агульнага – храналогія падобная, запісы дадаваныя ў час працы органа ўлады. Па-просту ўзнікае падазрэнне: ці не тая самая асоба абслугоўвае афіцыйны Фэйсбук органа ўлады горада і афіцыйны Фэйсбук выбарчага камітэта Трускаляскага.

Прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі не пярэчыць што чыноўнікі дапамагаюць яго камітэту, але падкрэслівае што робяць гэта ў свой вольны час.

– Займаюся толькі і выключна працай на карысць жыхароў Беластоку. А ў выбарчых справах задзейнічаны розныя асобы, з розных асяродкаў, і займаюцца гэтымі справамі пасля працы – у бюро на вуліцы Легіяновай.

Тадэвуш Трускаляскі на бліжэйшых выбарах спадзяецца на трэці тэрмін. Яго контр-кандыдатам ад імя Права і Справядлівасці з’яўляецца былы падляшскі ваявода Ян Добжынскі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя