Таццяна Грыневіч-Матафонава заспявала ў Варшаве



Беларускія рамансы, спевы на словы класікаў, ды настальгічныя песні. Таццяна Грыневіч-Матафонава здзівіла беларусаў Варшавы незвычайным выкананнем спеваў.

Некаторыя наведнікі канцэрту вельмі моцна расчуліліся, гаворыць Настасся Кажапенка з Беларускага дому ў Варшаве:

– Песні былі падабраныя нібыта спецыяльна для беларусаў, якія жывуць у Варшаве, рэдка бываюць на Радзіме, рэдка чуюць родную мову, рэдка бачаць родныя мясціны. У шматлікіх людзей можна было нават пабачыць слёзы на вачах. 

Таццяна Грыневіч-Матафонава кажа, што часта спявае менавіта для беларусаў замежжа:

– Раней я можа з нейкім большым болем выконвала гэтыя песні. Людзі плакалі і казалі, як так можна. Цяпер я ўжо дадаю нотку такой балючай любові да Радзімы, іншую моц укладаю, бо раней толькі слёзна ўсе песні выконвала, а цяпер больш любові і больш нейкай цеплыні да нашай старонкі.

Наступны канцэрт яна плануе правесці ў Беларусі – у Слоніме, ужо ў аўторак 14 траўня.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара