Таццяна Грыневіч: Запомніліся слёзы на вачах беларусаў…
Сваё творчае турнэ па гарадах Польшчы беларуская спявачка і бард Таццяна Грыневіч завяршыла ў Варшаве.

Пасля турнэ наш карэспандэнт задаў спадарыне Таццяне толькі адно пытанне: чым запомніліся выступленні перад беларусамі ў розных гарадах Польшчы?
На гэта пытанне Таццяна Грыневіч адказала так: “Запомніліся слёзы на вачах слухачоў – гэта быў накал эмоцый беларусаў, якія вымушаны пасля несправядлівых выбараў пакінуць Радзіму. Адбыліся сустрэчы на чужыне, дзе пачулі і заспявалі разам песні, якія блізкія кожнаму з іх, зладзілі танцы, так, як калісьці танчылі іхнія продкі, а самае галоўнае, што ў поўнай ступені адчулі сябе беларусамі, некаторыя можа нават і ўпершыню. Запомніліся словы падзякі за мае выступы ў Беларусі, за Плошчу…
У кожным горадзе на сустрэчах былі беларусы, якія наведвалі мае канцэрты на Радзіме, што было нечакана і прыемна. І ў той жа час балюча ўсведамляць, колькі ж нас апынулася за мяжой, таму ўвесь час прыходзіла хвалюючая думка пра тых, хто застаўся там. Канешне, хацелася б, каб тут, у Польшчы, беларусы ў сваім асяродку больш карысталіся беларускай мовай, бо толькі так мы зможам уратаваць сваю краіну. Веру, з часам гэта будзе, бо я таксама зрабіла свой невялікі ўнёсак у гэтую справу, пакінуўшы ў кожным польскім горадзе дапаможныя матэрыялы для дзяцей, песні, вершы, танцы, а галоўнае – натхненне і любоў да беларускай культуры. Дзякуй усім беларусам, якія зараз знаходзяцца ў Польшчы, за спатканні. Веру, што яны спыніліся там часова, і мы хутка вернемся на Бацькаўшчыну”.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя
