Таццяна Рудоўская: Пуцін пераўзыйшоў Гітлера
Рускамоўная бежанка з Чарнігава Таццяна Рудоўская, якой удалося з унучкай вырвацца з горада пасля 20 сутак знаходжання ў бамбасховішчы, абвінавачвае Пуціна ў генацыдзе ўкраінцаў.
Тое, што нібыта расейская армія прыйшла абараняць расейскамоўных ад украінскіх „нацыстаў-бандэраўцаў”, яна лічыць абсалютнай хлуснёй, кажа Таццяна Рудоўская:
– Я вельмі люблю свой горад. Тое, што адбылося цяпер, мне дагэтуль здаецца кашмарным сном. Самыя блізкія – расейцы, беларусы, мы ўсе былі адзінай сям’ёй. Аказалася, што давялося ўцякаць ад сваіх, якія цяпер ужо на ўсё жыццё сталі чужымі, бо тое што яны рабілі, так як яны бамбілі наш горад Чарнігаў… Толькі дзякуючы нашым вайскоўцам, нашаму гарадскому кіраўніцтву, наш горад яны так і не ўзялі. Дзякуй нашым вайскоўцам. Паводле словаў мэра, 70% горада яны разбамбілі, 30% гэта ўсё, што засталося ў горадзе, то бок горада няма. Горад быў вельмі прыгожы, ён старажытны, настолькі ў ім было ўсё гарманічна, усё прыгожа. У апошнія гады столькі ўкладалася ў рэканструкцыю горада, настолькі ён быў прыгожы. Цяпер многія засталіся без жытла, без даху, з’язджалі хто ў чым, гэта вельмі страшна. Я не ведаю хто спыніць Расею.
РР: Яны ж лічаць, што вызваляюць вас ад „бандэраўцаў”.
– Я ўсё жыццё жыву ва Украіне і ўвогуле не ведаю, як у такое трызненне мог паверыць расейскі народ. Як у такое ўвогуле маглі паверыць? Мы жылі цудоўным, добрым жыццём і апынуліся ў такой сітуацыі. Мы не ведаем, што будзе заўтра, вось гэта самае жахлівае.
РР: Беларусы перажываюць, што да іх змянілася стаўленне. Што вы пра гэта скажаце?
– Можа быць мяне не ўсе зразумеюць, але шмат слухаю тых жа расейцаў, тых жа беларусаў, якія не падтрымліваюць ні Пуціна ці Лукашэнку. Нельга сказаць, што ўсе нам не браты, але для гэтага нам будзе патрэбны час, каб адысці ад гэтага ўсяго, напэўна ўсім. Мы ж бачым, хто цяпер на нашым баку, хто супраць гэтых вайсковых дзеянняў, мы ж за гэтым сочым Я думаю, што ў любым выпадку ўсе не сыдуць з нашага жыцця, як і родныя ў якіх ёсць родныя ў Расеі і Беларусі. Хтосьці з родных тэлефануе, цікавіцца, як мы, а хтосьці робіць выгляд, што ўвогуле не ведаю. Ёсць такія, што кажуць нібыта гэта няпраўда, што з намі адбываецца.
РР: Вы 20-ць сутак былі пад акупацыяй?
– Не пад акупацыяй, яны не ўвайшлі ў наш горад. Я 20-ць сутак была ў Чарнігаве ў час гэтых баявых дзеянняў. Яны ў асноўным бамбілі нас з неба. Неба ж ніхто не закрывае, нам ніхто не дапамагае. Вось гэта вялікая бяда.
РР: Як вам удалося выехаць?
– Справа ў тым, што мы ж так выязджалі. Мы доўга баяліся выязджаць з-за таго, што кожную раніцу амаль 20-ць сутак была яшчэ з людзьмі. Так атрымалася ў маім жыцці, што я прыйшла раніцай на працу і я больш не сыходзіла гэтыя 20-ць сутак, я была там.
РР: Дзе вы працавалі?
– Я ўсё жыццё працую ў патрэбкааперацыі. Наша сістэма была звязана з адным бамбасховішчам. Так атрымалася, што я, як яго адкрыла, то не змагла пакінуць людзей. 20-ць сутак, я была там. Калі я захварэла і мне трэба было вывозіць унучку, тады мяне змянілі там. Я з унучкай усе 20-ць сутак была там.
РР: Дзе бацькі?
– Бацькі як раз з’ехалі на адпачынак, іх не было ў горадзе. Яны ўжо не маглі заехаць. Цяпер мы тут усе, цяпер уся сям’я тут. Мы калі выязджалі, я амаль кожную раніцу жагнала машыну, бо людзі выязджаючы з Чарнігава не маглі выехаць па 4-5 сутак, бо моцныя абстрэлы. Нават у той дзень, калі мы выязджалі, наша машына праехала, а следам за намі ехалі і яны трапілі пад абстрэл. Расейцы бачылі, што цывільнае насельніцтва выязджае з горада, яны бралі і абстрэльвалі машыны. У нас столькі там загінуўшых на дарогах. Гэта вельмі страшна, калі ты едзеш і не ведаеш, што цябе чакае, ты з дзіцяці, а вакол машыны разбітыя, ты ўсё гэта бачыш і сам не ведаеш ці даедзеш. Вось так мы ехалі. Мы з вялікімі цяжкасцямі сюды дабіраліся. Мы ўвесь час ехалі на машыне сяброў, дзякуй ім, што яны нас да Луцка давезлі. У Луцку мы купілі білеты на Варшаву і прыехалі сюды.
Я не магу зразумець увогуле. Пуцін пераўзышоў Гітлера, ён застанецца ў гісторыі самым страшным узурпатарам. Я не магу зразумець тых людзей, якія каментуюць. Шчыра кажучы я стараюся іх не слухаць, мне балюча. Хочацца сказаць, прыедзьце да мяне, я прыеду дадому і вас правяду па горадзе. Мне там ужо няма куды ісці, „пятака” няма цэлага. Калі б яны ўвайшлі, то было б тое, што і ў Бучы. У нас, дзе на ўскраінах яны былі, яны таксама бралі ў палон.
Паводле Таццяны Рудоўскай, яна звярталася ў „Аднакласніках” да расейскіх маці, каб не пускалі сваіх сыноў на вайну ва Украіну, звярталася да ўсіх расейскіх жанчын, каб выйшлі на вуліцы з пратэстамі. Яны не выйшлі.
Беларускае Радыё Рацыя