Таццяну Грыневіч віталі ў Любліне беларусы і палякі
Вядомая наша спявачка і бард Таццяна Грыневіч сустрэлася з беларусамі Любліна. У цэнтры горада каля вялікай лялькі-беларускі Таццяна Грыневіч разам са сваім сынам Адасем пяялі песні і таньчылі.
Перад выступленнем спявачка сказала шчырыя словы вітання і запрасіла ўсіх беларусаў Любліна аб’яднацца, каб разам часцей сустракацца, спяваць родныя песні, чытаць вершы, гутарыць. Каб і ў Любліне жыла наша родная мова. “Толькі аб’яднаўшыся разам – мы пераможам!” – сказала Таццяна.
У гэты дзень у Любліне сярод старых муроў гучалі беларускія “Муры”, “О, Беларусь, мая шыпшына…”, “Простыя словы”, “Пагоня” і дзясяткі іншых песень у выкананні Таццяны і Адася.
А потым наша артыстка на скрыпцы, а Адась на гітары выконвалі розныя мелодыі, пад якія ўсе шчаслівыя таньчылі і весяліліся. Таццяна яшчэ правяла шмат розных гульняў сярод дарослых і дзяцей.
Пасля сустрэчы беларусы, якія там стала жывуць і якія цяпер там апынуліся не па сваёй волі, шчыра дзякавалі Таццяне Грыневіч і яе сыну Адасю за такую незабыўную сустрэчу. Былі ў той дзень і абдымкі, і пацалункі, і надзея на лепшую долю беларусаў і хуткае вяртання на Бацькаўшчыну.
Беларускае Радыё Рацыя, Люблін
Фота: Таццяны Грыневіч