Таварныя цягнікі вернуцца на маршрут Генюшы – мяжа з Беларуссю
Чыгуначная лінія на маршруце Генюшы – Мяжа з Беларуссю пройдзе капітальны рамонт. Польская чыгунка падпісала дамову на перабудову больш чым 20 кіламетраў чыгуначнага палатна. Намеснік старшыні праўлення Польскай дзяржаўнай чыгункі Арнольд Брэсх адзначыў: “Гэты памежны пераход мы ўспрымаем, як частку “Шаўковага шляху”… Большасць грузаў зараз прымаецца праз Цярэспаль. Спадзяемся, што пасля мадэрнізацыі значная частка тавараў паедзе ў Польшчу і з гэтага боку”, – сказаў ён.
Пасля рамонту адрэзак чыгункі паміж Генюшамі і Кузніцай Беластоцкай зможа абслугоўваць таварныя цягнікі з шырокай каляёй. Рамонт чыгункі распачнецца ў сярэдзіне будучага года і працягнецца прыблізна да канца 2021 года. Агульны кошт мадэрнізацыі – 195 млн злотых (50 млн долараў).
Беларускае Радыё Рацыя
Фота mikby.blogspot.com