Таварыству беларускай культуры ў Літве – 35 гадоў



Сябры ТБК былі тымі, хто пасля паўстагоддзя забыцця, ўзяўся за адраджэнне беларускасці ў гэтым краі.

З таго ўжо нібы і далёкага 1988 г. прайшло шмат падзей і многа якіх водаў сцякло. Літва стала незалежнай і еўрапейскай краінай. Беларусь спачатку таксама набыла незалежнасць, але ў хуткім часе зноў жа апынулася ў цісках ардынскага вар’ята. І ў такіх вось складаных і вірлівых цячэннях часу нараджалася і станавілася Таварыства беларускай культуры ў Літве, на дзейнасці якога ў той ці іншай ступені адбіліся ўсе гэтыя лёсавызначальныя падзеі.

Таварыства беларускай культуры ў Літве было заснавана 8 снежня 1988 г. пры Літоўскім фондзе культуры. І з таго моманту і распачало яно сваё вандраванне, у якім было ўсё: і ўзлёты, і падзенне, і здрады, і крыўды, і прызнанні, і адзінота… Тым не менш, цягам гэтых 35 гадоў яно захавалася і пакінула значны след у гісторыі беларусаў Літвы.

Тады, ужо з аднаго боку ў далёкім, 1988 г. згуртаваліся беларусы Літвы і заснавалі Таварыства. Ля вытокаў стаялі тыя, хто пранёс у сваім сэрцы дарагую яму Беларусь, пранёс праз жыццё, праз жахі Другой сусветнай вайны, праз злачынствы сталінскай і камуністычнай, таталітарнай безчалавечай сітэмы. Захавалі, каб у адзін момант сказаць усяму свету – што яны беларусы. І гэта тады зрабілі. Імі былі: Зоська Верас, Лявон і Юрка Луцкевічы, Галіна Войцік, Кастусь і Леакадыя Шышэі, Леванід і Зінаіда Каралі, Сяргей Карабач, Павел Саўчанка, Міраслава Русак, Юры Зімніцкі, Сяргей Падагель, Мікола Рулінскі і шмат іншых выдатных асобаў. Яны будуць залатымі літарамі ўпісаныя ў гісторыю Таварыства.

Шмат хваляў вады прабегла за гэты час, шмат падзей і жыццяў змянілася, але важным было тое, што беларускае жыццё ў Літве захоўвалася і перадавалася іншым пакаленням, у тым ліку дзякуючы і ТБК. І так пакрысе завязваўся нібы нябачны сімвалічны вузельчык беларускага жыцця Літвы пачатку ХХ ст. і сёняшнім днём. І той нашаніўскі перыяд стаў асновай сёняшніх беларускіх дзён у літоўскай сталіцы.

Тады, у тыя далёкія гады, адраджаць беларускасць неабходна было з нуля. За гады антыгуманнай камуністычнай акупацыі ў Літве ўсё беларускае было вынішчана: зачынена беларуская гімназія, зліквідаваны беларускі музей, выдавецтвы, арганізацыі і г.д. Таму тады гэтай купцы беларусаў трэба было рабіць усё з нуля.

Сёння мала хто з новай хвалі беларусаў і не ўяўляе тых умоў, у якіх даводзілася пачынаць працу, калі нічога, абсалютна нічога беларускага не было. Не было нават памяшкання, дзе можна было б сабрацца і абмеркаваць свае праблемы. Такім чынам – усё пачыналася з чыстага аркуша паперы. Калі сёння блукаючы вулачкамі літоўскай сталіцы бачым шмат беларускіх слядоў, то тады гэтага нічога не было. Была толькі памяць у беларусаў-віленчукоў дый багатыя архівы. І вось, крок за крокам, пакрысе, не спяшаючыся, адраджаліся беларускія сляды ў Літоўскай Рэспубліцы.

Паводле афіцыйных дакументаў ТБК было заснавана 8 снежня 1988 г. пры Фондзе культуры Літвы, а дакладней – быў зацверджаны статут арганізацыі. Першае кіраўніцтва ТБК – старшыня Хведар Нюнька, намеснік Галіца Войцік і скарбнік – Міраслава Русак.

У статуце сярод задач ТБК значылася: „Развіваць беларуска-літоўскія культурныя сувязі ў гістарычнай, літаратурнай і мастацкай абласцях“. А арганізацыі, з якімі найперш ТБК трэба наладзіць супрацоўніцтва – клуб аматараў народнай творчасці „Сябрына“, Таварыства „Вільнія“ і інш.

Варта адзначыць, што Літоўскі фонд культуры вырашыў наладзіць сувязі з Беларускім фондам культуры. Дамова аб супрацоўніцтве паміж імі была падпісана 24 жніўня 1988 г. у Вільні Іван Чыгрынаў і Чэслаў Кудаба. У дамове значылася: „Беларускі і літоўскі народы звязваюць глыбокія культурныя, этнічныя і гістарычныя сувязі. Улічваючы неразрыўнасць лёсаў, культурных дасягненняў брацкіх народаў цягам нашай шматвекавой сумеснай гісторыі, важнасць і неабходнасць далейшага развіцця усебаковых кантактаў у вобласці культурных адносін (…) вырашылі заключыць дамову“.

Важным з’яўляецца і той факт, што прадстаўнікі Беларускага фонда культуры былі і на ўстаноўчым сходзе ТБК, які адбыўся 4 лютага 1989 г.

Другая дамова паміж Літоўскім фондам культуры і Гарадзенскім аддзяленнем Беларускага фонда культуры была падпісаная па прапанове Альфонсаса Аўгуліса ў Медніках 30 ліпеня 1991 г. З літоўскага боку дамову падпісаў унук Вацлава Ластоўскага Рымантас Матуліс.

На жаль, спробы пасварыць беларускі і літоўскі народ актыўна вяліся і тады. На наступны дзень там, у Медніках, адбылася вядомая трагедыя, калі маскоўскі амап растраляў літоўскіх памежнікаў, а пасля спрабаваў у гэтым злачынстве абвінаваціць беларускі бок.

Першая справа, якую зрабіла ТБК – гэта адкрыццё беларускай радыёперадачы на 2-ой праграме Літоўскага радыё, якая выйшла ў эфір 25 сакавіка 1989 г. і называлася „Беларускае слова на хвалях Літвы“ (сумесна з клубам “Сябрына”). Перадача выходзіла раз на два тыдні, рыхтаваў яе Ігар Раўнаполец пры супрацоўніцтве з сябрамі ТБК і „Сябрыны“.

Першая рэч, якую набыло ТБК за сродкі фонда культуры – гэта акардэон. Так, можна сказаць, пачыналася дзейнасць хора „Сябрына“, бо карысталіся гэтым музычным інструментам.

Аляксандр Адамковіч, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве