“Таямніцы і сакрэты” Ночы музеяў



Сёння ва ўсёй Польшчы дзверы музеяў і галерэяў будуць адкрытыя цэлую ноч. Пачынаецца штогадовая “Ноч музеяў”, якая сёлета пройдзе пад загалоўкам “Таямніцы і сакрэты”. Таксама беластоцкія культурныя ўстановы рыхтуюць на вечар мноства сюрпрызаў і рэдкіх экспанатаў. Сёлета да ночы музеяў далучаецца Драмтэатр імя Венгеркі. Наведвальнікі тэатра пачуюць радыёпастаноўку “Антыгона”, якая сваю прэм’еру мела паўтара года таму ў Крынках, кажа Эва Краеўская з беластоцкага драмтэатра.

– А 22-й гадзіне запрашаем усіх жадаючых на радыёспекталь, які адбудзецца цягам гадзіны, у рэжысуры Агнешкі Карыткоўскай-Мазур. Гэта будзе адбывацца на вялікай сцэне, святло будзе патушана, каб стварыць адпаведную атмасферу.  

У Беластоку адкрытыя дзверы цэлую ноч будуць у Музеі войска, Ратушы, Цэнтры імя Заменгофа, галерэі Арсенал, беластоцкім скансэне і Палацы Браніцкіх. На прагулку сцежкамі парку Плянты і гістарычныя расказы запрашае дырэктар Падляшскага музея Андрэй Ляхоўскі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота bialystok.naszemiasto.pl