Тбіліскія беларусы: акцыя салідарнасці



5 снежня беларуская дыяспара ў Тбілісі зладзіла акцыю салідарнасці з дзеячамі культуры, якія трапілі пад рэпрэсіі ў Беларусі.

Пра акцыю распавядае адна з арганізатарак Алена Трызна:

– Беларусы вырашылі падтрымаць менавіта дзеячаў культуры, якія трапілі пад рэпрэсіі, якім прыйшлося выехаць і якія зараз сядзяць у турмах. Таксама зараз шмат дзеячаў культуры незаконна звальняюць – і гэта тыя ж самыя рэпрэсіі.

Па словах актывісткі, прадстаўнікі беларускай дыяспары хацелі паказаць на акцыі частку беларускай культуры.

– Культура для любой нацыі – гэта ідэнтычнасць нацыі. Культура адлюстроўвае нашу ідэнтычнасць, і пры дапамозе культуры мы кажам усім, якая ёсць Беларусь. Зараз праз усе гэтыя рэпрэсіі бачна, што беларускую культуру забіваюць і, адпаведна, забіваюць і беларускую нацыю.

Акцыя ў Тбілісі гэтым разам была ўпрыгожана беларускімі песнямі і стала бадай самай адметнай з праведзеных за апошнія паўгода.

Беларускае Радыё Рацыя