Тэатр „Чрэва” распачаў свае калядныя выступленні
Пастаноўкай „Дарога ў Бэтлеем” тэатр „Чрэва” распачаў свае калядныя выступленні. Гэты спектакль паводле аднайменнай п’есы беларускага драматурга Сяргея Кавалёва меў прэм’еру ў зале Тэатральнай Акадэміі ў Беластоку.
Рэжысёрка і акторка Яанна Троц кажа, як нарадзілася ідэя стварэння спектакля:
– Калі я прачытала п’есу, падумала, шо гэта абавязкова трэба зрабіць. Гэта цудоўны тэкст. Там шмат чаго пра нас – пра звыклага, шэрага чалавека. Такога як Асёл. Ён і дзіця, ён і дарослы. Бо кожны з нас шукае свайго шляху. Я хацела, каб гэта быў мой спектакль – монаспектакль. Я вельмі хацела, каб гэтыя звяры былі смешныя, каб гэта ўсё было жывое, для дзетак.
Паказ „Дарогі ў Бэтлеем” у Беластоку прашоў пры поўнай зале гледачоў. Гэты спектакль тэатру „Чрэва” ў бліжэйшыя дні змогуць убачыць гледачы ў Нараўцы, Дубічах Царкоўных, Гайнаўцы, Белавежы і Бельску Падляшскім на польскай і беларускай мовах. Уваход вольны.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя