Тэатральны фестываль пад адкрытым небам



У бліжэйшыя выходныя пачынаецца Міжнародны тэатральны фестываль „Вэртэп”. Ужо сёмы раз у невялікія мясціны Падляшша прыедуць тэатральныя групы з Польшчы, Даніі, Нарвегіі і Швецыі. Першы дзень фестывалю – 24-га ліпеня ў амфітэатры ў Старым Двары каля Семяноўкі. Сёлета спектакль пад назвай „Мядзведзь” на аснове тэксту Антона Чэхава пакажа таксама тэатр „Чрэва” з Бельска-Падляшскага, кажа дырэктар фестывалю Дарыюш Скібінскі:

– Група людзей, звязаная з беларускай меншасцю на Падляшшы – гэта для мяне прыемнае адкрыццё. Трэба падтрымліваць асоб, якія працуюць у гэтым рэчышчы. Яны заўсёды знойдуць месца ў „Вэртэпе”. Людзі гэтага хочуць і гэта глядзяць, таму фестываль – добрая пляцоўка для таго, каб тыя акцёры маглі паказаць сябе.

Тэатр “Чрэва” вядомы на Падляшшы сваімі спектаклямі на беларускай гаворцы “Я ў полі вярбою расла” ды “ПустаЯ”. Новы спектакль “Мядзведзь” можна будзе паглядзець 30-га ліпеня ў Палічнай і 2-га жніўня ў Гайнаўцы. Фестываль “Вэртэп” пройдзе ў бліжэйшыя і чарговыя выходныя. Тэатральныя выступы на прыродзе пабачаць таксама жыхары і госці Дубіч-Царкоўных, Нараўкі, Кляшчэляў, Орлі ды Нараўкі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя