Тэатральны фестываль «Вэртэп» на Падляшшы
На працягу сямі дзён выступяць дваццаць два тэатральныя калектывы з усяго свету. Ужо ў нядзелю 22 ліпеня стартуе Х Міжнародны тэатральны фестываль „Вэртэп”.
Юбілейны фестываль будзе багаты выступамі найбольш цікавых тэатраў маладога пакалення з Еўропы. „Вэртэп” наведае сем падляшскіх мясцовасцей, кажа арганізатарка Агата Рыхцік-Скібінская:
— Пуп свету ён у кожнай мясцовасці, кожны дзень гэта цэнтр найважнейшых падзей, прынамсі для нас і артыстаў, якія выступаюць, асабліва для гэтых людзей. Яны — у гэтым месцы і ў гэты час яны і для іх няма нічога важнейшага за гэтае месца і гэты час.
У рамках фестывалю адбудуцца таксама майстар-класы ды гульні для дзяцей. Традыцыйна ўжо «Вэртэп» стартуе ў вёсцы Старым Двары, што пад Белавежскай Пушчай. Тэатральны фестываль наведае таксама Дубічы Царкоўныя, Нарву, Орлю ды іншыя мясцовасці на польска-беларускім памежжы.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя