Тэатральны фестываль, як пляцоўка для творчай супрацы
Фестываль, як пляцоўка для творчага супрацоўніцтва. У Беластоку на выхадных пачынаецца тэатральны фестываль «Напрамак Усход». Для беластоцкай публікі – гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з усходняй тэатральнай культурай. Для тэатралаў – нагода, каб наладзіць супрацоўніцтва. Сёлета вядуцца размовы пра супрацу з Гарадзенскім абласным тэатрам, кажа намесніца дырэктара Беластоцкага тэатра Малгажата Біль-Ярузельская, якая пазітыўна ўзгадвае супрацоўніцтва з тэатрам беларускай драматургіі з Менску, дамову з якім падпісалі на мінулым фестывалі.
– Дзякуючы гэтай дамове, мы выступаем у Менску, і Менск прыязджае да нас. Размаўляем пра падпісанне такой жа дамовы з Гарадзенскім драмтэатрам, які з’яўляецца для нас найбліжэйшым тэатрам, бо адлегласць усяго 60 кіламетраў. Такая супраца год таму была. Пасля яна была перарваная, зараз мы хацелі б яе ўзнавіць.
Украінскі напрамак таксама цікавы для Беластоцкага тэатра, – кажа Малгажата Біль-Ярузельская. Нацыянальны акадэмічны ўкраінскі драматычны тэатр імя Марыі Занькавецкай са Львова ў Беласток прыязджае ўпершыню.
– Да гэтай пары мы супрацоўнічалі з тэатрам імя Тараса Шаўчэнкі з Харкава. Будзем таксама размаўляць з Львоўскім тэатрам, які нас вельмі цікавіць з погляду яго месцазнаходжання. Але зразумела, што мы будзем супрацоўнічаць з рознымі тэатрамі і з Беларусі, і з Украіны. Мы лічым, што цягам года да нас прыедуць і іншыя тэатры.
На фестывалі «Напрамак Усход» пакажуць сем спектакляў з чатырох краін: Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы. З Беларусі прыязджаюць два тэатры: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Гарадзенскі абласны драматычны тэатр.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток