Тэма бежанства гучала на тэатральным фестывалі „Одэ”



У  Беларускім музеі ў Гайнаўцы паказалі спектакль „Бежанцы” Яны Стэльмашук-Троц,  а таксама сустрэліся з аўтаркай кнігі „Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы” Анэтай Прымакай-Онішк. Кніга выйшла ў выдавецтве „Чарнэ” і ўжо зацікавіла чытачоў з усёй Польшчы.

dsc03913

Анэта Прымака-Онішк: Кнігу можна купіць паўсюль у Польшчы. Агульнапольскія газеты ўжо публікавалі матэрыялы пра гэта. Ім гэта цікава, яны не ведалі пра тое.

Сёння праблема бежанцаў – дзяржаўная праблема. Таму для ўсіх тэма цікавая. Многія часта пытаюць, чаму яны не ведаюць пра гэта?

РР: У Вашай кнізе расказваецца гісторыя шматлікіх людзей, аднак яе фонам ёсць гісторыя Вашай бабулі Надзеі.

Анэта Прымака-Онішк: Так. Гісторыя маёй бабулі – гэта пачатак. Ад яе я даведалася пра тое, што было такое бежанства. Мая бабуля памерла, калі мне было 7 гадоў. І гэтую гісторыю я памятаю як дзіця. Калі я пачала пісаць, гаварыць з маёй сям’ёй, гэта было цікава.

Мая бабуля, якую я добра і не ведала, паўстала рэальным чалавекам, маладой дзяўчынай, якая падалася ў бежанства ў свае 17-18 гадоў. У бежанстве яна выйшла замуж, там нарадзілася яе першае дзіця. Мае цёткі расказвалі мне цікавыя гісторыі. І так аказалася, што ў час працы над кнігай я пазнала сваю бабулю значна бліжэй.

Гісторыя маёй бабулі – гэта своеасаблівая вось, якая спалучае ўсю кнігу. У ёй шмат гісторый і іншых людзей, бо гэта кніга пра бежанства, дзе гісторыя маёй бабулі – толькі часта гэтай кнігі.

РР: Ці пад уплывам гісторыі Вашай бабулі, якая першая расказала пра бежанства, Вы захацелі паказаць у кнізе ўсю гэтую жаноцкасць?

Анэта Прымака-Онішк: Не ведаю. Так атрымалася. Калі я пачынала чытаць, бо не памятала таго і вельмі мала ведала пра бежанства, калі пачынала гаварыць з людзьмі, напрыклад, з мужыком і жонкаю, то калі яна пачынала расказваць, што яны рабілі, як дзеці былі хворыя, як трэба было дзесьці знайсці для іх ежы, мужык яе перапыняў і пачынаў расказваць, як “белыя” падыходзілі, а “чырвоныя” адступалі. І жонка ўжо не расказвала…

Часта было так, што жаночую гісторыю цяжка выцягнуць. А калі атрымлівалася выцягнуць, то ўжо было відаць, што бежанства – гэта ў большай ступені гісторыя жанчын, іх вялікай-вялікай сілы, дзякуючы якой сям’я выжывала. Самае важнае для жанчын – гэта сям’я, іх дзеці. І бежанства паказала, што жанчына мае такую сілу, дзякуючы якой шмат людзей вярнулася, выжылі дзеці.

Вядома, бежанства – гэта ўсе. Аднак гэтая гісторыя паказала менавіта такі бок той трагедыі.

Анэта Прымака-Онішк родам з падсакольскіх Кнышэвічаў. З гэтай вёскі большая  частка жыхароў, у тым ліку сям’я аўтаркі, падалася ў бежанства.

[Not a valid template]

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі