Тэма першага Маршу роўнасці ў Беластоку далей на павестцы дня



Падляшская паліцыя ўжо ідэнтыфікавала 150 асоб, якія парушалі закон і грамадскі парадак падчас Маршу роўнасці 20 ліпеня. 118 асоб – дапыталі, а васьмярым выставілі абвінавачванні.

Прэзідэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі звярнуўся да следчых органаў з тым, каб былі пакараныя ўсе асобы, датычныя да беззаконня:

– Думаю, што гэты працэс ідэнтыфікацыі павінен яшчэ працягвацца. Кожны, хто браў удзел у нелегальнай акцыі на вуліцы Легіяновай, я ў гэтым перакананы, што яна была нелегальнай, бо не была зарэгістраваная, мусіць адказваць за свае дзеянні. Таксама не чуў, каб былі прынятыя нейкія меры да вядомых асоб, радных горада і радных ваяводства, думаю, гэтыя асобы не цяжка ідэнтыфікаваць.

Прэзідэнт Трускаляскі адначасова заяўляе, што даючы дазвол на Марш роўнасці ў Беластоку, ён дзейнічаў законна. Прэзідэнт горада не мае права забараняць такія шэсці. А таму, калі праз год ва ўправу горада паступіць чарговая заяўка ад арганізатараў маршу, – то марш у чарговы раз будзе дазволены.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя