Томаш Мацейчук: Расея стварае пагрозу



Томаш Мацейчук – паляк, валанцёр, які з траўня гэтага года дапамагае ўкраінскім добраахвотнікам, батальёну “Данбас” у барацьбе на ўсходзе Украіны супраць расейскіх сепаратыстаў. Томаш распавёў Беларускаму Радыё Рацыя, навошта ён рызыкуе жыццём падчас выездаў у зону АТА.

2014-12-06_Zavalnia_Maciejczuk_malunak2

РР: Томаш, трэба прызнаць, што еўрапейскія краіны не ўдзяляюць так шмат увагі расейска-ўкраінскаму канфлікту, як павінны былі б. Чаму ты – паляк, так моцна ангажуешся ва ўкраінскія справы?

Томаш Мацейчук: Напраўду, еўрапейскія краіны не дапамагаюць Украіне, хоць і павінны. Лічу, што дапамога, а перадусім вайсковая, павінна была паступаць ва Украіну ўжо ад самага пачатку канфлікту. Лічу, што тады б не было такой праблемы з сепаратыстамі на Данбасе, гэты канфлікт можна было хутка вырашыць.

А чаму я дапамагаю? Таму што, я лічу, што расейцы, Расея стварае пагрозу не толькі для Данбасу, не толькі для Украіны, але таксама для Беларусі, для Польшчы, а асабліва для Латвіі ды Эстоніі. Лічу, што калі кожны асабіста будзе дапамаць на малым узроўні, то гэтыя нашыя супольныя высілкі прывядуць да таго, што ўрэшце рэшт удасца перамагчы расейскі імперыялізм. Да таго такімі маленькімі крокамі, такой дапамогай я дапамагаю сваёй краіне, таксама дапамагаю Беларусі, Літве, Латвіі ды Эстоніі абараняцца перад пагрозай расейскага імперыялізму, не будзем скрываць, што такі імперыялізм мае месца, расейцы маюць пэўную ахвоту на тое, каб адабраць не толькі Данбас, а таксама можа і частку Беларусі, можа Латвіі, а можа калісьці і Польшчы. І з гэтым трэба змагацца. 

Лічу, што польскія патрыёты павінны пакінуць тыя кепскія думкі, якія маюць, калі ўзгадваюць пра мінуўшчыну, пра польска-ўкраінскую гісторыю – гэта мінуўшчына, напрыклад, Валынская Разня. Ніводзін украінскі патрыёт не падтрымлівае Валынскую Разню. Сёння польскія патрыёты, павінны падтрымліваць Украіну, Беларусь, а таксама перадусім беларускіх патрыётаў, Літву, Латвію, Эстонію, у абарону супраць расейскага імперыялізму. Калі мы кінем Украіну, то пазней, як казаў светлай памяці Лех Качыньскі – можа прыйсці пара на нас.

РР: Цягам апошняга года назіраецца вялікая актыўнасць ультраправых груп па ўсёй Еўропе, якія маюць прарасейскую рыторыку. У Польшчы яны таксама існуюць, праводзяць пэўныя дробныя акцыі. Ці маюць польскія  і  заходнееўрапейскія ўльтраправыя арганізацыі нейкія агульныя карані? 

Tомаш Mацейчук: На маю думку, ультраправыя арганізацыі ў Польшчы, якія падтрымліваюць Пуціна настолькі маргінальныя, што лічба іх сябраў можа дасягаць 15-20 чалавек ва ўсёй краіне. Аднак, сам факт існавання такіх арганізацыяў непакоіць. Мне падаецца, што такія арганізацыі нейкім чынам фінансуюцца Расеяй. Гэтак было ў Венгрыі і Францыі, дзе “Ёббік” і “Нацыянальны Фронт” злавілі на тым, што яны маюць пэўныя грошы, якія прыйшлі да іх з Расеі. Лічу, што ў Польшчы можа быць падобная сітуацыя, і гэта проста фінансаванне  расейскай прапаганды за мяжой Расеі.

РР: Адна рэч – гэта атрымліваць інфармацыю з зоны канфлікту ў СМІ, зусім іншае бачыць усё ўласнымі вачыма. Можаш распавесці, як цяпер жыве цывільнае насельнітва на Данбасе?

Tомаш Mацейчук: Цывільнае насельніцтва на Данбасе на пачатку можа і падтрымлівала сепаратыстаў, можа лічыла, што з Расеяй будзе лепей, а цяпер, на дадзены момант шмат хто з іх разумее, што гэта быў дрэнны выбар. Не маюць працы, не маюць што есці, не маюць дому, Данбас цалкам знішчаны вайной. На дадзены момант насельніцтва жыве ў жахлівых умовах, шмат з іх страціла свой дом, уцяклі са сваіх гарадоў, вёсак, шукаючы прытулку ў Расеі i заходняй Украіне.

На жаль, калі гэты канфлікт будзе надалей працягвацца, то насельніцтва будзе цярпець і ніякая дапамога не зменіць гэтага. Адны будуць цярпець таму, што падтрымліваюць сепарыстаў, іншыя, якія не падтрымлівaюць, на жаль… запозна. Трэба было супраціўляцца і змагацца ад самага пачатку. Трэба было іначай вырашаць праблемы Данбасу. Бо там, тых праблемаў так напраўду не было. Можна было дамовіцца мірна, дэмакратычна, але не з дапамогай зброі завезенай туды Расеяй.

РР: Хацеў бы ячшэ запытацца ў цябе пра сепаратыстаў. Паводле расейскай прапаганды, гэта нейкія ўдзельнікі “нацыянальна-вызвольнага паўстання”, з іншага боку, увесь цывілізаваны свет лічыць іх тэрарыстамі, бандытамі, у лепшым выпадку проста называюць іх сепаратыстамі. Як бы ты мог ацаніць іх дзеянні, і ці сапраўды яны такія, як іх прадстаўляюць ва ўкраінскіх медыях?

Tомаш Mацейчук: Пачнем ад таго, што канфлікт на Данбасе пачаўся не ад таго, што мясцовыя людзі паўсталі. Туды прыехаў Бабай, туды прыехаў Стралкоў, яны напалі на пастарунак міліцыі ў Краматорску 12 красавіка і пачалі забіваць прадстаўнікоў мясцовых уладаў, палітыкаў. Так пачалося “паўстанне” на Данбасе – з Расеі прыехалі расейскія грамадзяне, таму гэта хлусня, калі хтосьці кажа, што гэта паўстанне мясцовага насельніцтва. Гэта тэрарысты, і пра гэта трэба казаць на ўвесь голас. Калі сёння чачэнцы змагаюцца супраць Расеі, іх называюць тэрарыстамі, а не г.зв. “апалчэнцамі”. Калі Расея разглядае чачэнцаў як тэрарыстаў, то такімі самымі тэрарыстамі з’яўляюцца расейцы, якія прыязджаюць на Данбас забіваць украінцаў і змагацца за тое, каб Данбас быў расейскім.

РР: Ты ўзгадаў пра імперскую палітыку Крамля. Што на тваю думку можа затрымаць Расею і спыніць канфлікт на Данбасе?

Tомаш Mацейчук: Перадусім з расейцамі трэба размаўляюць на мове, якую яны разумеюць, то бок на мове сілы. Трэба на Данбасе арганізаваць вайсковае наступленне, адштурхнуць тэрарыстаў як мага далей на ўсход. Што датычыць Пуціна, то з Пуціным таксама трэба размаўляць з пазіцыі сілы. Расейская эканоміка на дадзены момант знаходзіцца на мяжы банкруцтва, на мяжы ўпадку. Такім чынам, скажу шчыра, Расею трэба змушаць да слабасці, бо ёй здаецца, што яна – гэта Савецкі Саюз, які можа паставіць на калені цэлы свет, а гэта не так. Урэшце трэба зразумець, што мы, еўрапейцы, людзі Захаду, у стане перамагчы Расею. Расейцы ў гэта не вераць, але гэта праўда. Вайсковы патэнцыял Расеі значна меншы, чым патэнцыял НАТА. Расейцы могуць толькі пагражаць ядзернай зброяй. Але неўзабаве, напрыклад у Польшчы, паўстане супрацьракетная сістэма, якая павінна нас ад такой атакі абараніць. Не можам паказваць расейцам, што мы іх баімся. Мы павінны змагаецца, і такім чынам – пераможам.

РР: Томаш, колькі ўжо дапамогі палякі сабралі для Украіны?

Tомаш Мацейчук: Думаю, што гэтую дапамогу можна лічыць у мільёнах злотых. Ёсць адзін фонд, які называецца “Адкрыты дыялог”. Толькі гэтая арганізацыя сабрала больш за мільён злотых, перадала сотні бронекамізэлек, касак, і нават тэрмавізараў, якія дапамагаюць добраахвотнікам змагацца ўначы. Ёсць таксама іншыя арганізацыі, таварыствы пакалення, якія высылаюць цэлыя машыны, запакаваныя па дах медычнай дапамогай. Я сам, у траўні, калі першы раз выслаў дапамогу на Данбас ад знаёмых каля 8 тысячаў злотых, і гэта толькі пры дапамозе Фэйсбука! Людзі ў Польшчы арганізуюцца, высылаюць грошы, высылаюць дапамогу, і гэтая дапамога налічвае мільёны злотых.

2014-12-09_Zavalnia_Maciejczuk_malunak1

РР: Валанцёры, якія прыязджаюць на Данбас, і прывозяць дапамогу ўкраінскім вайскоўцам. Ці існуе пагроза для іх жыцця?

Tомаш Mацейчук: Кожны валанцёр, які з’яўляецца на фронце, рызыкуе ўласным жыццём. Ці гэта я, калі ехаў на фронт, ці Б’янка Залеўская (сёлета ў ліпені атрымала сур’ёзныя раненні ў зоне АТА – РР), журналістка з Espreso TV, ці кожны іншы польскі валанцёр, кожны чалавек, які туды прыязджае, яму пагражае смерць ад рук сепаратыстаў. Сепаратысты страляюць з артылерыі, cтраляюць у звычайных людзей. І калі хтосьці туды едзе, то павінен усведамляць, што можа загінуць. Я гэта ўсведамляю, ведаю, што можа здарыцца, але ўсё адно хачу дапамагаць украінцам.

2014-12-09_Zavalnia_Maciejczuk_malunak3

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Томаша Мацейчука