Томаш Ціханюк: Наш музей – сапраўдны асяродак беларускай культуры



На працягу 36 гадоў сваёй дзейнасці Беларускі музей ў Гайнаўцы зарэкамендаваў сябе як важны асяродак беларускай культуры на Падляшшы. Яго наведваюць турысты, мастакі, музыкі, навукоўцы з розных краін, а таксама дыпламатычныя госці з Беларусі.

 

Чым жыве музей сёння, што прапануе сваім наведвальнікам? З кім супрацоўнічае і як папаўняе свае калекцыі? Пра гэта ды іншае расказвае  дырэктар Беларускага музея ў Гайнаўцы Томаш Ціханюк. 

РР: Што адбываецца ў вашым музеі ў апошні час?

Томаш Ціханюк: Наш музей – сапраўдны асяродак беларускай культуры. Заўсёды можна прыйсці паглядзець нашыя выставы. Мы маем тры пастаянныя выставы, дзе прадстаўлены экспанаты 19-20 стагоддзяў, і часовыя выставы, дзе прадстаўлены жывапіс, разьба, фатаграфія. Таксама стараемся выязджаць з выставамі ў іншыя месцы, выязджаем з этнаграфічнымі экпедыцыямі. Пры музеі дзейнічае тэатральны гурток, які створаны гайнаўскай і бельскай моладдзю.

Музей ствараўся як этнаграфічны. Экспанаты мы збіралі з вёсак на Беласточчыне. Мы хацелі захаваць нашу памяць, тое, што адыходзіць.

РР: Такі музей як ваш, можа зацікавіць не толькі турыстаў, але і навукоўцаў.

Томаш Ціханюк: Да нас прыязджаюць прадстаўнікі розных музеяў з Польшчы і Беларусі. Хваляць нашы экспанаты. Прыязджаюць і этнографы. Таксама прыязджаюць мастакі з розных краін. Пісьменнікі і навукоўцы наведваюць нашу бібліятэку. Нават з ЗША прыехалі, калі дазналіся, якія экзэмпляры мы маем у нашым кнігазборы. Бібліятэка наша існуе з 1997 года, мае звыш 12 тысяч кніг. Кожны, хто хоча скарыстацца беларускамоўнымі кнігамі, а таксама польскамоўнымі, якія апісваюць нашы абрады, праваслаўе, этаграфію, можа прыйсці, запісацца і атрымаць кнігу. Бібліятэка таксама праводзіць сустрэчы. Між іншым, у нас прайшла першая прэзентацыя новай кнігі Міхася Андрасюка „Поўня”.

РР: Раскажыце пра ваш юбілей, які адбыўся нядаўна, што гэта за дата для музея?

Томаш Ціханюк: Ужо шмат гадоў таму з’явілася ідэя паказаць, што музей – гэта не закрытая ўстанова. І паказаць, што беларуская культура жыве. Такім чынам, 15 гадоў таму мы выйшлі да людзей, з музыкай, варштатамі, паказвалі ўсім ахвотным розныя рамёствы. І спачатку гэта адбывалася на нашых сходах. Імпрэза называлася “Культурна-музейны сход”. Аднак цягам гадоў імпрэза разраслася. І цяпер мы робім фестываль – сапраўднае беларускае свята ў цэнтры Гайнаўкі, дзе можна пачуць беларускую музыку, на які запрашаем і гурты з Беларусі. Таксама прапануем майстар-класы для ўсіх ахвотных па народных рамёствах. Увесь музейны пляц запаўняецца людзьмі. Гэта нагода, каб сустрэцца з сябрамі. Праводзім дэгустацыю традыцыйных беларускіх страў. Усё, што можна зрабіць з бульбы, можна ў нас пакаштаваць. Гэта вельмі вясёлая і цікавая ідэя, якая ў гэтым годзе адбылася 15-ы раз.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Гутарыла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка