Трансгранічная супраца ў дзеянні



Падпісаныя пяць дамоваў на чатыры дарогі і на стварэнне пажарнага посту ў Сапоцкіне. Іх агульная сума складае 4,5 мільёна еўра. “Для нашага раёна – гэта сур’ёзныя грошы”, – кажа старшыня Гарадзенскага раённага выканаўчага камітэта Ян Васілеўскі, удзельнік Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку:

– Усе транспамежныя праекты – менавіта суседзі нашы – гэта Новы Двор, Беласток, Гарадок. Грошы вялікія, але самае галоўнае не гэта, а якія наладжаныя стасункі, абмен досведам, абмен традыцыямі, кухнямі. Я вось заўсёды кажу, што мяжа нас дзеліць, а Аўгустоўскі канал – аб’ядноўвае. Самае галоўнае, каб не было межаў у нашых галовах. А іх ужо і няма.

Таксама Ян Васілеўскі звяртае ўвагу на істотнае павелічэнне турыстычнай плыні ў Гарадзенскім раёне:

– У нас каля 100 аб’ектаў аграэкатурызму цалкам запоўненыя ўвесь сезон.  Да нас прыязджаюць палякі, расейцы… Кожны турыст з Польшчы ці Літвы перасякае мяжу і адразу ступае нагой у Гарадзенскі раён. І самы першы злоты ці літ пакідае ў нашым Гарадзенскім раёне. Купляюць нашыя беларускія тавары. Самае галоўнае ўсё ж такі на ўзроўні людзей – гэта адносіны, калі жэняцца, сем’і ствараюцца.

Дарэчы, яшчэ ў ліпені ў Гародні сустрэлі 40-тысячнага бязвізавага турыста з пачатку года.  Гэта замежнікі з паўсотні краін, якія скарысталіся магчымасцю наведаць Гародню і Гарадзенскі раён. Пераважная большасць – палякі і літоўцы. Рост экспарту турыстычных паслуг па стане на ліпень склаў 118 працэнтаў да ўзроўню мінулага году. Таксама павялічваецца колькасць турыстычных фірмаў, якія займаюцца ўязным турызмам.

У сваю чаргу Берасцейшчына таксама паспяхова рэалізуе шэраг праектаў у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна”. “Гэтыя праекты ахопліваюць дарожную інфраструктуру, ахову здароўя, гісторыю, спорт і культуру”, – пералічвае Юрый Колесаў з Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта, які ўдзельнічае ва Усходнім эканамічным кангрэсе ў Беластоку. Акрамя таго, Берасце ўжо адчула наплыў турыстычнай плыні: абласны цэнтр і рэгіён з пачатку году наведала 13 тысяч замежных турыстаў. Ідзе праца па далейшым спалучэнні бязвізавых зон на Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне:

– Якраз у гэтым кірунку, наколькі мне вядома, ідзе абмеркаванне і праца. І плануецца павелічэнне бязвізавага рэжыму да 10 дзён. Мы стараемся стварыць умовы, спрыяльныя для турыстаў, для ўсіх тых, хто мог бы прыехаць да нас, адпачыць у нас, паглядзець славутасці. Таму будзем вельмі радыя ўсім!

У той жа час у польскіх гарадах з’явяцца турыстычна-інфармацыйныя цэнтры, якія рэкламуюць Берасце і рэгіён. Такія цэнтры дамоўленыя ў Владаве і Беластоку, ідуць перамовы з Цярэспалем і Белай Падляшскай. Турысты, якія скарыстаюцца паслугамі новых цэнтраў, змогуць атрымаць спецыяльную карту госця, якая дае права на зніжкі ў шматлікіх крамах і музеях. Плануецца, што першыя такія цэнтры запрацуюць ужо ў кастрычніку.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя