Трэба дазволіць прыязджаць у Польшчу тым, хто хоча працаваць
“Трэба дазволіць прыязджаць у Польшчу людзям, якія хочуць тут працаваць”, — так лічыць еўрадэпутат і лідар партыі «KORWiN» Януш Корвін-Міккэ.
Замест таго, каб прымаць уцекачоў з Сірыі, польскія ўлады павінны стварыць адпаведныя ўмовы для «гастарбайтэраў» з Украіны ды Беларусі, якія з ахвотаю будуць працаваць у польскіх прадпрымальнікаў .
— Трэба папросту дазволіць людзям прыехаць і працаваць, але гэтым павінна займацца не дзяржава а прыватныя прадпрымальнікі, якія будуць браць іх на працу. Невядома навошта ў нас хочуць прыняць сем тысячаў нейкіх уцекачоў, якія працаваць не будуць і не хочуць. І нават быць у нас не хочуць. А тут праблема: ці можна ўзяць на працу чалавека. Калі нехта прыязджае ў Польшчу, нельга забараняць яму працаваць.
Паводле звестак, якія публікавала газета «Dziennik Gazeta Prawna», польскія прадпрымальнікі ў мінулым годзе заявілі ахвоту прыняць амаль 800 тысяч працаўнікоў з Усходу. Гэта на два разы больш чым у папярэднім годзе. Сярод запрошаных 98 адсоткаў — Украінцы, на другім месцы жыхары Малдовы, на трэцім — Беларусы.
Лукаш Леанюк, Беларукае Радыё Рацыя