Трэці канвой гуманітарнай дапамогі ва Украіну з грузінскага Батумі
У грузінскім Батумі сабралі больш за 10-ць тон гуманітарнай дапамогі, якая адпраўлена ва Украіну. Гэта ўжо трэцяя адпраўка, што сабраная цягам вайны Расеі з Украінай.
Пра адпраўку грузу распавядае грузінскі актывіст Ніка Кашэвадзэ:
– Яна адправілася ў Львоўскую вобласць, горад Цярнопаль – гэта пабрацім Батумі. Мы мелі непасрэдную сувязь з мэрам горада. Увесь груз, які мы адправілі, быў узгоднены з імі. Там цяпер знаходзіцца больш за 600 тысяч бежанцаў з усходняй часткі Украіны. Мы адправілі медыкаменты, прадукты харчавання, дзіцячае харчаванне, падгузнікі і вопратку.
Па словах Ніка ён вельмі ўдзячны за дапамогу ўсім валанцёрам , што дапамагаюць у штабе:
– З самага пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне, мы адкрылі гэты гуманітарны штаб. З першага дня ў нас працуюць валанцёры – грузіны, украінцы і вельмі шмат беларусаў. Гэта людзі, якія з першага дня з намі. Працуюць 24/7, збіраюць гуманітарную дапамогу, дапамагаюць у сарціроўцы, дапамагаюць непасрэдна ў перагрузцы, цягаюць скрыні, цягаюць вопратку, рэчы, дзеляцца інфармацыяй са сваімі сябрамі. Усім гэтым людзям бязмерна ўдзячныя, бо без іх дапамогі ў нас бы не атрымалася адправіць дапамогу Украіне.
Апроч дзейнасці ў штабе, палітык выходзіць штодня на цэнтральную плошчу Батумі, каб паведамляць пра тое, што адбываецца на фронце ва Украіне, а таксама заахвочвае прыходзіць у штаб дапамогі і прыносіць ежу і адзенне.
Беларускае Радыё Рацыя