Трое індыйцаў нелегальна перасеклі беларуска-польскую мяжу
Нелегальныя мігранты адпраўленыя назад у Беларусь.
Затрыманыя грамадзяне Індыі. (Фота: podlaski.strazgraniczna.pl)
Функцыянеры Памежнай варты Польшчы затрымалі трох грамадзян Індыі, якія нелегальна перасеклі беларуска-польскую мяжу. Здарэнне адбылося 21 ліпеня. Іншаземцам дапамагалі індыйскія грамадзяне, якім пастаўленыя абвінавачанні ў арганізацыі нелегальнага перасячэння мяжы.
20 ліпеня беларускі бок перадаў польскім калегам інфармацыю, што на памежным пасе заўважаныя сляды перасячэння мяжы невядомымі асобамі ў напрамку Польшчы. На месца прыбыў патруль памежнікаў, які пацвердзіў перасячэнне мяжы трыма асобамі.
У выніку пошукаў аказалася, што гэта грамадзяне Індыі ва ўзросце ад 28 да 32 гадоў, за якімі прыехалі іншыя індыйцы, якія легальна пражываюць у Польшчы.
Усе іншаземцы затрыманыя. Трое мужчын, якія нелегальна перасеклі беларуска-польскую мяжу, адпраўлены назад у Беларусь. Індыйцам, якія дапамагалі нелегальна перасякаць мяжу, пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.