Трох беларусаў затрымалі ў Італіі за арганізацыю незаконнай міграцыі
Італьянская паліцыя сумесна з ваенна-марскімі сіламі Фінансавай гвардыі затрымалі трох грамадзян Беларусі ля ўзбярэжжа Сіцыліі, паведамляе галоўнае ўпраўленне паліцыі гораду Сіракузы.
Як адзначаецца, беларусаў 32, 37 і 46 гадоў падазраюць у «дапамозе ў арганізацыі незаконнай міграцыі».
Паводле мясцовай паліцыі, арыштаваныя кіравалі паруснікам, на борце якога было 106 нелегальных мігрантаў. Уцекачы меркавана выправіліся ад узбярэжжа Турцыі і былі выратаваныя ў міжнародных водах караблём няўрадавай арганізацыі.
Самі беларусы адмовіліся ад пасадкі на судна і ўцяклі на парусніку, «на якім падарожнічалі».
Аднак 22 жніўня італьянскі патрульны катар Фінансавай гвардыі дагнаў і перахапіў іх, пасля чаго даставіў у порт Сіракузы.На беразе аператыўнікі правялі неабходныя следчыя дзеянні, у выніку якіх высветлілася, што грамадзяне Беларусі маюць дачыненне да здарэння. Беларусаў змясцілі пад варту.