Трускаляскі застаецца на пасадзе прэзідэнта Беластока (абноўлена)



Тадэвуш Трускаляскі застаецца на пасадзе прэзідэнта Беластока. Паводле папярэдніх дадзеных, Трускаляскі ў другім туры мясцовых выбараў атрымаў 63, 76% галасоў. Яго супернік Ян Дабжынскі з партыі Закон і справядлівасць – 36,24%. Гэта будзе трэці прэзідэнцкі тэрмін Тадэвуша Трускаляскага ў Беластоку.

Гэта значая перамога, якая дае моцную падтрымку да далейшых дзеянняў, кажа Тадэвуш Трускаляскі:

– Гэта адбылося таму, што людзі ўбачылі, як шмат было зроблена для горада. Я не спадзяваўся, што вынікі другога тура будуць такімі пераканаўчымі, і гэта перадусім дае моцныя паўнамоцтвы.

Тадэвуш Трускаляскі будзе прэзідэнтам Беластока цягам наступных чатырох гадоў. А ў другім туры мясцовых выбараў прынялі ўдзел толькі 37% беластачанаў.

* * *

У 50 гарадах і гмінах на Падляшшы сёння, 30 лістапада, выбіраюць войтаў, бурмістраў і прэзідэнтаў. Другі тур выбараў у самакіраванні праходзіць таксама ў гмінах, дзе ў большасці пражываюць беларусы.  Між іншым, у Міхалове.

– Цяжкі выбар, бо і адзін, і другі роўна ідуць.

– Няхай выйграе найлепшы. І каб для ўсіх нас ён быў найлепшы.

– Ёсць канкурэнцыя, але я не ведаю, што і як тут будзе.

Выканаўчыя ўлады выбіраюць сёння ў Нарве, Саколцы, Дуброве, Чаромсе, Мельніку, а таксама ў трох найбольшых гарадах рэгіён – Беластоку, Сувалках і Ломжы.

* * *

У 50 гарадах і гмінах на Падляшшы сёння выбіраюць войтаў, бурмістраў і прэзідэнтаў. У Беластоку ў другім туры за пасаду прэзідэнта горада супернічаюць Тадэвуш Трускаляскі са свайго камітэта і Ян Дабжыньскі з партыі “Права і Справядлівасць”.

Перад выбарчымі камісіямі пакуль не відаць натоўпу людзей, але ўсе падкрэсліваюць, што галасаванне ў выбарах – гэта абавязак грамадзяніна.

Калі хочам, каб было лепш, тады самі мусім выбіраць. А не наракаць пасля, што дрэнны прэзідэнт, пры гэтым не беручы ўдзелу ў выбарах. Таму пайшлі мы на выбары.

– Калі маем магчымасць хоць мінімальна паўплываць на лёс краіны, то выкарыстоўваем такі шанец.

– Кожны лічыць важным прагаласаваць. Калі б не лічыў так, то не пайшоў бы на выбары.

– Іду на выбары, каб выбраць прэзідэнта.

Выканаўчыя ўлады выбіраюць сёння, між іншым, у Міхалове, Нарве, Саколцы, Дуброве, Чаромсе і Мельніку. Усе выбарчыя камісіі працуюць да 21 гадзіны.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота wybory.ox.pl