Тры месцы памяці ў гміне Дубічы Царкоўныя могуць быць ліквідаваныя
«Тры месцы памяці ў гміне Дубічы Царкоўныя могуць быць ліквідаваныя ў сувязі з законам «Аб дэкамунізацыі», — кажа войт гміны Лявон Малашэўскі.
Гэта няпростая задача, бо трэба дзейнічаць згодна з законам, але насуперак людзям, якія войта выбіралі, бо жыхары Дубіч Царкоўных не хочуць дэмантаваць сваіх помнікаў:
— Адзін абеліск у вёсцы Вітава, прысвечаны памяці жыхароў Вітава, а другі помнік, пастаўлены ўжо пасля вайны, такому лейтэнанту Маскаленку. А найбольшая праблема з помнікам у Дубічах Царкоўных. Часы крыху змяніліся і яго трэба будзе ліквідаваць насуперак жаданню жыхароў. Мушу прызнацца, што роля войта будзе вельмі цяжкая, бо выкананне патрабавання ураду, можа выклікаць тое, што я страчу давер у сваіх жыхароў.
Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег Латышонак лічыць, што помнікам трэба даць гістарычнае абгрунтаванне і спрабаваць іх абараніць:
— Закон ёсць закон, і мы яго не абыдзем. Я разумею, што асабліва для жыхароў усходняй Беласточчыны, для беларусаў, Чырвоная Армія не была ніякім захопнікам, а сапраўды вызваліцелем.
Варта адзначыць, што з новым гістарычным абгрунтаваннем захаваўся помнік Уладзіслава Высоцкага ў Бельску Падляшскім, які будучы героям Савецкага Саюзу таксама падпадаў пад закон «Аб дэкамунізацыі», які увойдзе ў жыццё ў кастрычніку гэтага года. На бліжэйшым пасяджэнні рады гміны (4 жніўня) у Дубічах Царкоўных будзе закранацца справа дэкамунізацыі дубіцкай публічнай прасторы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя