Царква святкуе Нараджэнне святога Яна Хрысціцеля
Сёння, 7 ліпеня, Царква адзначае нараджэнне святога прарока Яна Хрысціцеля. Нарадзіўся ён на паўгода раней за Ісуса Хрыста, якога і ахрысціў у водах Іярдана.
У вёсцы Пасынкі, што на Падляшшы, знаходзіцца царква ў гонар Нараджэння святога Яна Хрысціцеля. “Гэта нашае храмавае свята,” – кажа настаяцель айцец Яўген Сушч:
– Ян Хрысціцель – апошні прарок Старога запавету. І першы прарок Новага запавету. Ён ішоў перад Хрыстом, вучыў так людзей: “Я іду, а за мною ідзе той, якому я дастойны завязаць рамяні на яго абутку”. Людзі прыходзілі да яго, і ён казаў: “Пакайцеся. Прыходзіць Царства Божае. Я ахрышчу вас вадой, а ён – агнём і Духам святым”. Прадцеча, бо ён ішоў перад Хрыстом.
Святочная багаслужба ў царкве Нараджэння святога Яна Хрысціцеля ў Пасынках пачалася а 10-й гадзіне.
Ужо ўчора вернікі прыбылі сюды, каб малітоўна ўспомніць святога. Сённяшняе свята вельмі ўрачыста адзначаецца таксама ў Гайнаўцы.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара