Царква ў Сямятычах: Святыя беларускай зямлі
Беларускае сакральнае мастацтва ў Сямятычах. У царкве Уваскрасення Гасподняга паўстаюць фрэскі, якія cтварае мастак з Менска Віктар Доўнар. На малюнках, характэрных для візантыйскага стылю, ёсць таксама і беларускія акцэнты.
«Я ставіў акцэнт таксама на постаці святых, важных для маёй роднай зямлі», – кажа Віктар Доўнар:
– Тут ёсць нашыя беларускія святыя, а яшчэ іконы, якія заказала Еўфрасіння Полацкая з Канстанцінопаля – гэта Эфесская ікона, а з другога боку мы напісалі вобраз Жыровіцкай іконы Божай Маці, калі яна з’явілася на дрэве.
У працы Віктара Доўнара дапамагае ягоны сын Мікалай, які у гэтай жа самай царкве выканаў іканастас, ды жонка – мастачка Наталля Лось. Віктар Доўнар з’яўляецца аўтарам фрэскаў у царкве св.св. Пятра і Паўла ў Сямятычах, а таксама ў храмах Чарнагорыі, Швейцарыі ды ў самой Беларусі. Разам з Наталляй Лось стварыў таксама іканастасы ды пісаў іконы на Падляшшы, між іншым, у цэрквах у Беластоку, Чыжах, Бельску-Падляшскім ды ў Чорнай Беластоцкай.
[Not a valid template]
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара